45 гадоў таму святы Ян Павел ІІ быў абраны Пантыфікам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Вучэнне і стыль жыцця Яна Паўла ІІ можа натхняць моладзь, а яго гісторыя павінна пераказвацца зразумелай для сучаснай моладзі мовай, - заўважыў у інтэрв’ю польскай рэдакцыі Vatican News кардынал Станіслаў Дзівіш.
“Я не сумняваюся ў гэтым і гэта перакананне пацвярджае лёс некалькіх пакаленняў маладых людзей, якіх Ян Павел ІІ прыцягнуў да Езуса. Па-ранейшаму мільёны збіраюцца на Сусветныя дні моладзі, абвяргаючы тэзіс пра заняпад Касцёла і раўнадушша моладзі да пытанняў веры. Моладзь можа знайсці ўказанні для жыцця ў вучэнні Яна Паўла ІІ, але таксама натхніцца яго жыццём, асабліва юнацкімі гадамі, напоўненым уласцівымі для маладосці захапленнямі, жыццёвымі радасцямі, разнастайнымі інтарэсамі, жаданнем інтэлектуальнага і духоўнага развіцця, здольнасцю радавацца сяброўству, прыгажосці прыроды, спорту, паэзіі”, - сказаў былы асабісты сакратар Яна Паўла ІІ.
Кардынал Дзівіш заўважыў, што гады маладосці Караля Вайтылы былі цяжкімі з прычыны трагедыі вайны, але, тым не менш, ён пражыў іх прыгожа, паказаўшы, што за найвялікшыя ідэалы варта змагацца і быць вернымі ім. “Для моладзі – незалежна ад месца і часу, у якім яна жыве – гэта захапляльны прыклад, варты наследавання. Праблема не ў тым, ці можа Папа натхняць іх, але ў тым, як ім пераказваецца прыгажосць яго жыцця, якой мовай мы гаворым пра яго, ці гэта мова дакранаецца да адчувальнасці сучаснай моладзі і з’яўляецца зразумелай ёй”, - лічыць іерарх.
Арцыбіскуп-эмерыт Кракаўскі перакананы, што ў актуальнай міжнароднай сітуацыі Караль Вайтыла быў чалавекам, які б нёс у свет мір і надзею. “Ён дагэтуль прамаўляе. Дастаткова прыйсці ў Ватыкан у базіліку святога Пятра і ўбачыць людзей, занураных у малітву пры яго магіле. Дастаткова прыйсці ў папскі санктуарый у Кракаве, у касцёлы ў Вадавіцах ці Кальварыі, ва ўсе месцы, якія носяць яго сляды – людзі дагэтуль хочуць шукаць яго духоўнага сяброўства”, - сказаў кардынал.
Іерарх нагадаў, што Ян Павел ІІ спазнаў шмат зла, бачыў наступствы войнаў і таталітарызму, цярпеў разам са слабейшымі, быў абаронцам і голасам тых, у каго гэты голас быў адабраны, а ў часы неспакою заўсёды імкнуўся несці людзям надзею. “Ён быў сведкам любові Хрыста і моцы Евангелля, нязменнай, нягледзячы на зменлівасць свету, і я думаю, што сёння яго заклік: “Не бойцеся, расчыніце дзверы Хрысту”, загучаў бы з новай, магутнай сілай”, - дадаў былы сакратар Папы.
Кардынал Дзівіш нагадаў пра ўклад Яна Паўла ІІ у пачатак барацьбы з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле, які працягваюць яго наступнікі, пра пашырэнне культу Божай міласэрнасці, умацаванне ролі свецкіх вернікаў, дыялог з іншымі рэлігіямі і канфесіямі, а таксама асяроддзямі, якія не заўсёды былі прыязнымі да хрысціянства.