Францішак зноў патэлефанаваў у парафію ў сектары Газа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ізраіль, рыхтуючыся змагацца з ХАМАС, заклікаў мірных жыхароў пакінуць паўночную частку сектара Газа. Паводле звестак ізраільскага войска, адтуль ужо выехалі да мільёна палесцінцаў. Многія хрысціяне па-ранейшаму застаюцца на месцы.
Святы Айцец пацікавіўся, колькі чалавек размясціліся ў парафіяльных установах, паведаміла сястра Набіла, тлумачачы, што ў каталіцкай парафіі знайшлі прытулак каля 500 чалавек, у тым ліку хворыя, сем’і, дзеці, няпоўнаспраўныя, людзі, якія страцілі дом і ўсе свае рэчы.
“Мы з Айцом Юсуфам падзякавалі яму ад імя ўсёй супольнасці і сказалі, што прыносім свае пакуты за заканчэнне вайны, за мір, за Касцёл, а таксама за Сінод", - дадала манахіня, якая нясе служэнне ў Газе.
У размове з агенцтвам SIR яна паведаміла, што католікі яе парафіі пастаянна моляцца аб міры. Яны моляцца на Ружанцы і застаюцца ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, маючы намер далучацца да абвешчанага Папам на 17 кастрычніка Дня посту і малітвы за мір.