Хрысціяне ў сектары Газа. Ілюстрацыйнае фота Хрысціяне ў сектары Газа. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак зноў патэлефанаваў у парафію ў сектары Газа

15 кастрычніка 2023 года ўвечары Папа зноў патэлефанаваў у парафію ў Газе. Ён запэўніў у малітве за мясцовых католікаў і выказаў салідарнасць з іх пакутамі. Аб гэтым паведаміла сястра Набіла Салех, якая размаўляла з Францішкам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ізраіль, рыхтуючыся змагацца з ХАМАС, заклікаў мірных жыхароў пакінуць паўночную частку сектара Газа. Паводле звестак ізраільскага войска, адтуль ужо выехалі да мільёна палесцінцаў. Многія хрысціяне па-ранейшаму застаюцца на месцы.

Святы Айцец пацікавіўся, колькі чалавек размясціліся ў парафіяльных установах, паведаміла сястра Набіла, тлумачачы, што ў каталіцкай парафіі знайшлі прытулак каля 500 чалавек, у тым ліку хворыя, сем’і, дзеці, няпоўнаспраўныя, людзі, якія страцілі дом і ўсе свае рэчы.

“Мы з Айцом Юсуфам падзякавалі яму ад імя ўсёй супольнасці і сказалі, што прыносім свае пакуты за заканчэнне вайны, за мір, за Касцёл, а таксама за Сінод", - дадала манахіня, якая нясе служэнне ў Газе.

У размове з агенцтвам SIR яна паведаміла, што католікі яе парафіі пастаянна моляцца аб міры. Яны моляцца на Ружанцы і застаюцца ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, маючы намер далучацца да абвешчанага Папам на 17 кастрычніка Дня посту і малітвы за мір.
 

17 кастрычніка 2023, 08:29