Святы Айцец: бараніць ад д’ябла вінаграднік нашага жыцця
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У гаміліі Францішак пракаментаваў літургічныя чытанні на XXVII Звычайную нядзелю, параўноўваючы служэнне жандараў з вінаграднікам, у які вораг урываецца ноччу, каб разрабаваць яго і знішчыць. Ён падкрэсліў, што вінаграднік – гэта таксама вобраз жыцця кожнага чалавека, дзе дабро і зло змагаюцца паміж сабой.
“Пан узрошчвае нас, як лозы ўрадлівага вінаградніка, але вораг пастаянна вяртаецца, каб пагубіць нас. Гэта наша штодзённая барацьба – твая, мая, кожнага з нас. Хто не змагаецца, той не хрысціянін, хто не спазнае спакус, той не хрысціянін”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Мы ўсе грэшнікі, але хочам ісці далей і таму абавязаны змагацца супраць д’ябла, які хоча ўварвацца ў наша жыццё, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што ў гэтай барацьбе нам на дапамогу прыходзіць святы Міхал Арханёл, нябесны апякун Ватыканскай жандармерыі.
“Мы павінны быць пільнымі і ахоўваць вінаграднік: вінаграднік кожнага з вас, вашых сем’яў, вашых дзяцей, а таксама мясцовы вінаграднік, у Ватыкане, каб у яго не праніклі ніякія благія галіны”, - заахвоціў Францішак, заўважаючы, што калі д’ябал жадае авалодаць нечым, ён гэта знішчае. “Але святы Міхал дапамагае нам прагнаць яго прэч”, - завяршыў гамілію Пантыфік.