Кардынал Тэлесфор Топа Кардынал Тэлесфор Топа 

Францішак моліцца за спачылага кардынала Топа

Святы Айцец запэўніў у малітве аб вечным супакоі для індыйскага кардынала Тэлесфора Пласідуса Топа, арцыбіскупа-эмерыта Ранчы. Іерарх адышоў у вечнасць 4 кастрычніка 2023 года ў 83-гадовым узросце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У спачувальнай тэлеграме на імя арцыбіскупа Фелікса Топа Францішак выказаў спачуванні ўсяму духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам архідыяцэзіі Ранча. Ён запэўніў у малітве за душу спачылага, з удзячнасцю ўспамінаючы пра яго святарскае і біскупскае служэнне, а таксама ўклад на карысць пашырэння Касцёла ў Індыі і Апостальскай Сталіцы.

“Яго служэнне заўсёды было пазначана запалам у распаўсюджванні Евангелля, эўхарыстычнай пабожнасцю і шчырым пастырскім клопатам пра бедных і людзей у нястачы”, - дадаў Папа.

Тэлесфор Пласідус Топа нарадзіўся 15 кастрычніка 1939 года ў Чэнпуры ў Індыі ў вялікай каталіцкай сям’і. Вучыўся ў Папскім універсітэце Урбаніяна ў Рыме і ва Універсітэце Ранчы. У 1969 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Займаўся выкладчыцкай і выхаваўчай дзейнасцю. З 1978 па 1984 год быў біскупам Думкі, а з 1985 па 2018 год – арцыбіскупам Ранчы. У 2003 годзе стаў кардыналам. З 2004 па 2008 год – старшыня Канферэнцыі Біскупаў Індыі.

Пасля смерці кардынала Топа Калегія кардыналаў складаецца з 241 іерарха, з якіх 136 – выбаршчыкі і 105 без права голасу на канклаве.
 

05 кастрычніка 2023, 14:48