Францішак з Патрыярхамі Каталіцкіх Усходніх Цэркваў. Архіўнае фота Францішак з Патрыярхамі Каталіцкіх Усходніх Цэркваў. Архіўнае фота

Францішак прыняў на аўдыенцыі Патрыярхаў з Блізкага Усходу

27 кастрычніка 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі трох Патрыярхаў Каталіцкіх Усходніх Цэркваў з Блізкага Усходу. Яны змаглі асабіста паінфармаваць Папу пра сітуацыю ў гэтым рэгіёне.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сустрэча праходзіла за закрытымі дзвярыма. У ёй бралі ўдзел Патрыярх Антыяхійскі Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы Юсуф Абсі з Сірыі, Патрыярх Антыяхійскі Мараніцкай Каталіцкай Царквы кардынал Бешара Бутрас Раі з Лівана і Патрыярх Кілікійскі Армянскай Каталіцкай Царквы Рафаэль Бэдрас XXI Мінасян.

Увечары іерархі бралі ўдзел у набажэнстве, якое Святы Айцец узначаліў у ватыканскай базіліцы святога Пятра з нагоды Дня посту, малітвы і пакаяння ў інтэнцыі міру ў свеце. Малітоўная ініцыятыва стала адказам на абвастрэнне сітуацыі ў Святой Зямлі і на ўсім Блізкім Усходзе.

“Існуюць сур’ёзныя асцярогі, што ізраільска-палестынскі канфлікт распаўсюдзіцца на ўвесь рэгіён; мясцовае насельніцтва занепакоена, гэта датычыцца і хрысціян”, - cказаў у інтэрв’ю італьянскаму выданню Domani іракскі кардынал Луіс Рафаэль Сако, Патрыярх Вавілона Халдэйскага і архіепіскап Багдадскі, прадстаяцель Халдэйскай Каталіцкай Царквы.

Па словах іерарха, “культура міру” пакінула Блізкі Усход. Замест дыялогу, прымірэння і прабачэння пашыраецца насілле, помста і падзелы, - сказаў ён, дадаючы, што вайна Ізраіля з ХАМАС вядзе да абвастрэння напружанасці ў Ліване, Сірыі і Іраку.

Кардынал Сако лічыць, што перад усім блізкаўсходнім рэгіёнам стаяць два сур’ёзныя выклікі: павелічэнне колькасці ўзброеных атрадаў, якія атрымліваюць усё больш улады, а таксама недастатковае аддзяленне дзяржавы ад ісламу. Неабходна абудзіць сапраўдны грамадзянскі дух і дыялог, які прадухіліць падзелы на рэлігійныя групы, што не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, перакананы іракскі кардынал.
 

28 кастрычніка 2023, 11:31