Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: распрацаваць больш інклюзіўныя формы эканомікі

Святы Айцец нагадаў, што кіраванне фінансамі павінна грунтавацца на даверы ў адносінах, якія могуць быць пабудаваны толькі праз развіццё “культуры сустрэчы”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

26 кастрычніка 2023 года Пантыфік скіраваў пасланне да выканаўчага дырэктара італьянскага банка Інтэза-Санпаола Карла Мэсіны. Нагодай паслужыла канферэнцыя пад назвай Ніхто не выключаны – развівацца разам у больш справядлівай краіне. Яна прайшла ў горадзе Брэшыя па ініцыятыве гэтай фінансавай структуры, якая абвясціла аб намеры вылучыць на працягу бліжэйшых чатырох гадоў 1,5 мільярда еўра на праекты па скарачэнні сацыяльнай няроўнасці.

Апостальскую Сталіцу на форуме прадставіла сястра Алесандра Смерылі, сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Яна зачытала зварот Святога Айца.

“Я спадзяюся, што вашыя дыскусіі канкрэтным чынам паспрыяюць распрацоўцы мадэлі развіцця, здольнай генераваць новыя, больш інклюзіўныя і ўстойлівыя рашэнні для падтрымкі рэальнай эканомікі, дапамагаючы асобам і супольнасцям рэалізаваць іх самыя глыбокія памкненні і паўсюднае агульнае дабро”, - напісаў Францішак.

Пантыфік заклікаў умацаваць “працэсы эканамічнай і сацыяльнай інтэграцыі”, накіраваныя на самых уразлівых, у першую чаргу, на мігрантаў, і рэалізоўваць “дэмаграфічныя праекты для ўстойлівага развіцця”, галоўнымі героямі якіх павінны стаць моладзь і пажылыя людзі, і якія будуць станавіцца “супрацьяддзем ад культуры адчужэння”.

Папа нагадаў, што ў аснове “мастацтва крэдытавання і кіравання фінансамі” знаходзіцца “давер і выкарыстанне грошай як крыніцы жыцця эканамічнай сістэмы, каб кожны мог мець магчымасць поспеху”. “Давер, які нараджаецца з узаемасувязі паміж людзьмі, з’яўляецца краевугольным каменем усіх адносін, у тым ліку фінансавых”, - падкрэсліў Святы Айцец, дадаючы, што даверлівыя адносіны “можна пабудаваць толькі праз развіццё “культуры сустрэчы”, у якой кожны голас можа быць пачуты і кожны можа працвітаць”.
 

27 кастрычніка 2023, 08:54