Маўчаць і слухаць, каб прамаўляў Святы Дух
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваёй прамове з нагоды адкрыцця Сінода Францішак падкрэсліў, што Касцёльная асамблея адрозніваецца ад палітычнага мітынгу тым, што цэнтральнае месца ў ёй належыць слуханню Святога Духа, - напісаў у сваёй аўтарскай калонцы Андрэа Тарніелі.
Распачатая 4 кастрычніка 2023 года Генеральная Асамблея ўяўляе сабой своеасаблівы Сінод, які нагадвае толькі Сінод 1986 года па Святой камуніі. На самай справе, камунія і сінадальнасць уяўляюць сабой фундаментальныя аспекты жыцця Касцёла і не звязаныя з канкрэтнымі тэмамі, - заўважыў Тарніелі.
Святы Айцец прапанаваў Сіноду метад і звярнуўся з просьбай да журналістаў, якія будуць асвятляюць кастрычніцкія падзеі ў Ватыкане. Метад заключаецца ў тым, каб прыслухоўвацца да Святога Духа, слухаць тое, што кажуць іншыя, дзяліцца сваім досведам, але так, каб індывідуальныя пазіцыі і пратаганізм не пераважалі над сімфанічнай гармоніяй цэлага. Для гэтага патрабуецца аскетызм, свайго роду пост, устрыманне ад прыслухоўвання да грамадскай думкі, - зазначыў ватыканскі медыя-эксперт, дадаючы, што такім чынам, Папа “праілюстраваў стаўленне і распазнаванне, якія патрабуюцца ў першую чаргу ад удзельнікаў Сінода”.
Увечары першага дня асамблеі быў апублікаваны рэгламент, у якім гаворыцца, што “кожны з удзельнікаў абавязаны захоўваць канфідэнцыяльнасць як у дачыненні да сваіх уласных выказванняў, так і ў дачыненні да выказванняў іншых удзельнікаў”, - нагадаў Тарніелі.
Ахоўваць прастору Сінода – не азначае не ведаць, што на ім адбываецца. На самай справе, падчас гэтага Сінода будзе праведзена больш трансляцый у прамым эфіры, чым калі б ні было: ад медытацый на рэкалекцыях да прывітальнага слова, ад уступных прамоў па кожнаму модулю да штодзённых брыфінгаў па змесце дэбатаў.
Ёсць біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія з усіх куткоў свету, якія разам, у атмасферы малітвы, а не супрацьстаяння або палярызацыі, імкнуцца ў бліжэйшыя тыдні зразумець шляхі евангельскага абвяшчэння, якія паказвае Святы Дух. Каб евангельскае пасланне дасягнула ўсіх, а Касцёл яшчэ больш адпавядаў сваёй першапачатковай місіі, быў Касцёлам з адчыненымі дзвярыма, "бацькоўскім домам, дзе ёсць месца для кожнага чалавека з яго жыццёвымі цяжкасцямі".