TOPSHOT-US-CRIME-SHOOTING

Пантыфік спачувае пасля масавага расстрэлу ў Льюістане

Францішак з глыбокім смуткам успрыняў навіну аб гібелі людзей у выніку масавай стральбы ў горадзе Льюістан ў ЗША. Ён выказвае сваю духоўную блізкасць да ўсіх людзей, якія пакутуюць ад гэтай невымоўнай трагедыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Яго святасць даручае душы памерлых міласэрнасці ўсемагутнага Бога, моліцца аб выздараўленні параненых і за медыцынскі персанал, які аб іх клапоціцца. Ён таксама высока ацэньвае высакародныя намаганні супрацоўнікаў службаў хуткага рэагавання, якія падвяргаюць сябе небяспецы, абараняючы грамадства. З цвёрдай верай у тое, што з дапамогай Божай ласкі мы можам перамагчы зло дабром (Рым 12, 21), Святы Айцец выпрошвае для жыхароў горада Льюістан і ўсёй краіны благаслаўленне ўсемагутнага Бога сілы і міру”, - гаворыцца ў тэлеграме, падпісанай кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам.

У горадзе Льюістан, у амерыканскім штаце Мэн, 18 чалавек загінулі, яшчэ 13 – былі параненыя ў выніку стральбы ў боўлінгу і рэстаране. Цела 40-гадовага мужчыны, якога амерыканская паліцыя падазрае ў забойстве было знойдзена побач з цэнтрам па перапрацоўцы смецця. Па версіі следства, ён мог здзейсніць самагубства. Пошукі злачынцы працягваліся тры дні.
 

28 кастрычніка 2023, 13:36