Святы Айцец асудзіў эканоміку, якая забівае і правакуе войны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік заахвоціў прыкласці намаганні на карысць эканамічнай сістэмы, якая будзе ўважлівай да навакольнага асяроддзя і інклюзіўнай, у першую чаргу ў адносінах да бедных. Ён заклікаў маладых эканамістаў і прадпрымальнікаў быць людзьмі міру.
Францішак падкрэсліў, што набыццё і продаж зброі для войнаў, прыбытак, атрыманы за кошт самых уразлівых і безабаронных, эксплуатацыя рэсурсаў і народаў, праз пазбаўленне іх зямлі і здароўя – гэта “хвароба, а таксама перакручванне сэнсу і паклікання эканомікі”. На думку Святога Айца, усё гэта з’яўляецца “самавольствам, гвалтам і толькі драпежніцкім парадкам, ад якога неабходна вызваліць чалавецтва”.
Пантыфік нагадаў, што эканоміка павінна быць прасторай уключэння і супрацоўніцтва, няспыннага стварэння каштоўнасцей і гармоніі. “Малое патрабуе вялікага, канкрэтнае – абстрактнага, кантракт – дару, беднасць – багацця, якім дзеляцца”, - падкрэсліў ён, дадаючы, што існуюць таксама супрацьлегласці, якія не могуць ствараць гармоніі, бо “эканоміка, якая забівае, непрымірымая з эканомікай, якая спрыяе жыццю”. “Эканоміка, якая забівае, адчужае, забруджвае, правакуе вайну – гэта не эканоміка”, - дадаў Святы Айцец, жадаючы адрасатам свайго паслання цярплівасці і вынаходлівасці ў пошуку і прасоўванні эканамічных ідэй, уважлівых да супольнага дома, міру і людзей у нястачы.