Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: не дапусціць, каб недахоп вады стаў прычынай канфліктаў

Папа з жалем заўважыў, што велізарныя фінансавыя рэсурсы і інавацыйныя тэхналогіі, якія можна выкарыстоўваць для таго, каб зрабіць ваду крыніцай жыцця і прагрэсу для ўсіх, накіроўваюцца на вытворчасць і гандль зброяй.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

16 кастрычніка 2023 года Пантыфік скіраваў пасланне на імя Генеральнага дырэктара ФАО Цюй Дун’юя з нагоды Сусветнага дня харчавання. Ён падкрэсліў, што “пакуты і расчараванне не даюць пакою многім нашым братам”, а вокліч бедных “павінен абудзіць нас ад летаргіі” і “ўзрушыць наша сумленне”.

“Сітуацыя голаду і недаядання, ад якой цяжка пакутуюць многія людзі, з’яўляецца вынікам несумленнага назапашвання, несправядлівасці і няроўнасці, які пакідаюць многіх ляжаць на ўзбочыне жыцця і дазваляюць іншым жыць у раскошы і багацці”, - напісаў Святы Айцец, дадаючы, што гэта датычыцца не толькі ежы, але таксама ўсіх асноўных рэсурсаў, недаступнасць якіх для многіх людзей з’яўляецца абразай іх неад’емнай годнасці, дадзенай Богам. “Безумоўна, гэта абраза, якая павінна прымусіць усё чалавецтва пачырванець і мабілізаваць міжнародную супольнасць”, - падкрэсліў Францішак.

Папа заўважыў, што сёлетні Сусветны дзень харчавання прысвечаны ўсеагульнаму доступу да пітной вайны. Ён заклікаў да мудрага і ўстойлівага выкарыстання і размеркавання водных рэсурсаў, прызначаных для ўсіх жыхароў планеты. Пантыфік заўважыў, што сёння перад вадой стаяць сур’ёзныя пагрозы з пункту гледжання колькасці і якасці.

Францішак згадаў пра засухі, выкліканы кліматычнымі зменамі, якія пакідаюць неўрадлівымі велізарныя рэгіёны і наносяць шкоду іх экасістэмам і насельніцтву, а таксама пра забруджванне вады. “Доступ да пітной і бяспечнай вады з’яўляецца істотным, фундаментальным і паўсюдным правам чалавека, бо вызначае выжыванне асобаў і таму з’яўляецца ўмовай карыстання з іншых правоў чалавека” (Laudato si’), - сцвердзіў ён, заклікаючы інвеставаць у інфраструктуру, у будаванне каналізацыйных сетак і сістэмы ачысткі сцёкавых вод, асабліва ў аддаленых і бедных сельскіх раёнах.

“Таксама важна развіваць адукацыйныя і культурныя мадэлі, якія будуць павышаць дасведчанасць грамадства, каб гэты фундаментальны рэсурс паважаўся і захоўваўся. Вада ніколі не павінна разглядацца як просты тавар, як прадукт абмену або прадмет для спекуляцыі”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на важнасць вады для дасягнення харчовай бяспекі. Ён заахвоціў прасоўваць эфектыўныя праграмы, якія дазволяць пазбегнуць страт у сельскагаспадарчых арашальных сістэмах; выкарыстоўваць арганічныя і неарганічныя пестыцыды і ўгнаенні, якія не забруджваюць ваду; аддаваць перавагу мерам, якія дапамагаюць захаваць водныя рэсурсы. Важна “не дапусціць, каб востры недахоп вады стаў прычынай канфліктаў паміж супольнасцямі, народамі і краінамі”, - папярэдзіў Пантыфік.

Папа заклікаў паставіць навукова-тэхнічныя і лічбавыя інавацыі на службу ўстойліваму балансу паміж спажываннем і наяўнымі рэсурсамі, каб пазбегнуць негатыўнага ўздзеяння на экасістэмы і незваротнай шкоды навакольнаму асяроддзю. “Па гэтай прычыне міжнародныя арганізацыі, урады, грамадзянская супольнасць, прадпрыемствы, акадэмічныя і навукова-даследчыя ўстановы, а таксама іншыя суб’екты павінны аб’яднаць намаганні і прапаноўваюць ідэі, каб вада стала спадчынай кожнага чалавека, каб яна лепш размяркоўвалася, а кіраванне ёй адбывалася ўстойлівым і рацыянальным чынам”, - напісаў Францішак.

Святы Айцец пажадаў, каб святкаванне Сусветнага дня харчавання стала напамінам пра тое, што “культуры аднаразовага выкарыстання” трэба рашуча супрацьстаяць дзеяннямі, заснаванымі на адказнымі і прыхільным супрацоўніцтве з боку кожнага. “Наш свет занадта ўзаемазвязаны і не можа падзяліцца на блокі краін, якія прасоўваюць свае інтарэсы ілжывым і прадузятым чынам. Замест гэтага мы пакліканы думаць і дзейнічаць у паняццях супольнасці, салідарнасці, імкнучыся ставіць на першае месца жыццё ўсіх, а не прысваенне рэсурсаў некаторымі”, - падкрэсліў Папа.

Францішак звярнуў увагу на палярызацыю міжнародных адносін і накіраванне велізарных фінансавых рэсурсаў і інавацыйных тэхналогій, якія можна выкарыстоўваць для таго, каб зрабіць ваду крыніцай жыцця і прагрэсу для ўсіх, на вытворчасць і гандль зброяй.

“Ніколі раней не было такой актуальнай неабходнасці стаць прыхільнікамі дыялогу і архітэктарамі міру. Касцёл не стамляецца сеяць каштоўнасці, што будуюць цывілізацыю, якая ў любові, узаемнай павазе і ўзаемадапамозе знаходзіць компас, каб накіроўваць свае крокі, звяртаючы ўвагу перш за ўсё на братоў, якія найбольш пакутуюць, такіх як галодныя і прагнучыя”, - зазначыў Святы Айцец, выказваючы падзяку ФАО за намаганні ў спрыянні развіццю сельскай гаспадаркі, здароваму і належнаму харчаванню кожнага чалавека і рацыянальнаму выкарыстанню вады.
 

16 кастрычніка 2023, 11:47