Пошук

Папа: спаўняць запаведзь любові, не чакаючы спрыяльных умоў

Дзіця вучыцца любіць на каленках мамы і таты, а мы – у абдымках Бога, - нагадаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітвы Анёл Панскі, якая 29 кастрычніка 2023 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак пракаментаваў нядзельнае літургічнае чытанне з Евангелля святога Мацвея, у якім Езус, адказваючы на пытанне кніжніка пра тое, якая запаведзь найбольшая ў Законе, сказаў: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж – падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Мц 22, 37-39).

Пантыфік падкрэсліў, што любоў да Бога і любоў да бліжняга неразлучныя паміж сабой. Ён заклікаў вернікаў паразважаць над двума аспектамі гэтай рэчаіснасці, падкрэсліваючы, што любоў да Бога ідзе першай, таму што Бог заўсёды апярэджвае нас у сваёй бясконцай пяшчоце. “Дзіця вучыцца любіць на каленках мамы і таты, а мы – у абдымках Бога”, - патлумачыў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што менавіта падчас сустрэчы з Богам мы набываем сілу і здольнасць, неабходныя, каб любіць. “Там, у яго руках, якія ўздымаюць, мы ўбіраем у сабе цяпло і любоў, якія потым вучымся дарыць; там мы сустракаем любоў, якая падштурхоўвае нас шчодра прыносіць сябе ў дар братам. Пра гэта нагадвае святы Павел, калі кажа, што любоў Хрыста мае ў сабе сілу, якая падштурхоўвае любіць. Усё пачынаецца ад Яго. Ты не можаш па-сур’ёзнаму любіць іншых, калі не маеш гэтага кораня, якім з’яўляцца Божая любоў, любоў Езуса”, - дадаў Францішак.

“Езус злучае любоў да Бога з любоўю да бліжняга: гэта значыць, што, любячы братоў, мы адлюстроўваем, як люстэркі, любоў Айца, - сцвердзіў Святы Айцец, заклікаючы вернікаў “любіць Бога, якога не бачым, праз братоў, якіх бачым”, не чакаючы прызнання ці спрыяльных умоў.

“Дарагія браты і сёстры, думаючы пра любоў Бога, якая заўсёды апярэджвае нас, мы можам спытацца ў сябе: ці ўдзячны я Пану, які палюбіў мяне першы? Ці сустракаю яго кожны дзень, каб дазволіць Яму перамяніць мяне? І яшчэ: ці намагаюся адлюстроўваць Яго любоў? Ці прыкладаю намаганні, каб любіць братоў, рабіць гэты другі крок?”, - прапанаваў паразважаць Пантыфік.
 

29 кастрычніка 2023, 12:49

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >