Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (ANSA)

Святы Айцец абвясціў Дзень посту і малітвы за мір

Францішак нагадаў пра войны ў розных частках свету. Ён абвясціў аб правядзенні ў апошнюю пятніцу кастрычніка Дня малітвы, посту і пакаяння ў інтэнцыі міру і запрасіў іншыя канфесіі і рэлігіі прыняць у ім удзел.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Таксама і сёння, дарагія браты і сёстры, нашыя думкі скіроўваюцца да Палестыны і Ізраіля. Колькасць ахвяр расце, а сітуацыя ў Газе з’яўляецца адчайнай. Прашу, няхай будзе зроблена ўсё магчымае, каб пазбегнуць гуманітарнай катастрофы. Непакой выклікае магчымае пашырэнне канфлікту, у той час як у свеце ўжо адкрыта вельмі шмат франтоў вайны. Няхай змоўкне зброя, няхай загучыць вокліч аб міры бедных, простых людзей, дзяцей...”, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 18 кастрычніка 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Францішак нагадаў, што “вайна не вырашае ніякай праблемы: яна толькі сее смерць і разбурэнне, павялічвае нянавісць, памнажае помсту” і “перакрэслівае будучыню”. “Я заклікаю вернікаў займаць у гэтым канфлікце толькі адзін бок: бок міру. Але не словамі, а малітвай, поўнай самаадданасцю”, - дадаў ён.

Святы Айцец сказаў, што з гэтым кантэксце ён вырашыў абвясціць пятніцу, 27 кастрычніка, Днём посту, малітвы і пакаяння ў інтэнцыі міру, да якога запрасіў далучыцца, “такім чынам, якім палічаць патрэбным”, сясцёр і братоў розных хрысціянскіх канфесій, вернікаў іншых рэлігій і тых, хто мае справу міру ў сэрцы. “Вечарам гэтага дня, у 18.00, базіліцы святога Пятра мы правядзём гадзіну малітвы ў духу пакаяння, просячы аб міры для нашых дзён, аб міры ў гэтым свеце”, - сказаў Папа, заклікаючы ўсе мясцовыя Касцёлы далучыцца да яе, рыхтуючы падобныя ініцыятывы з удзелам Божага народа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак скіраваў свае думкі таксама да ўкраінскага народа. “Браты і сёстры, прашу вас, давайце не будзем пераставаць маліцца за мір і за змучаную Украіну; пра яе ўжо не гавораць, але трагедыя працягваецца”, - сказаў Папа.
 

18 кастрычніка 2023, 10:36