Інтэрв’ю Папы інфармацыйнаму агенцтву Telam Інтэрв’ю Папы інфармацыйнаму агенцтву Telam  (Vatican Media)

Святы Айцец: чалавецтву не хапае пратаганістаў

Крызіс чалавецтва, войны, праца, штучны інтэлект, надзея – такія тэмы закрануў Папа ў інтэрв’ю аргентыскаму інфармацыйнаму агенцтву Telam. На думку Францішка, прычынамі вайны з'яўляюцца эксплуатацыя і імкненне захапіць новыя тэрыторыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Cлова крызіс мне падабаецца, бо ў ім ёсць унутраны рух. Аднак адзіны выхад з крызісу – гэта рух уверх, лёгкага выйсця няма. І ніколі ў адзіночку. Тыя, хто жадае выйсці з крызісу ў адзіночку, замест выхаду блукаюць у лабірынце, які ідзе па крузе. Крызіс – гэта лабірынт. Акрамя таго, крызіс прымушае вас расці. Будзь то крызіс чалавека, сям'і, краіны ці цывілізацыі, калі праблема вырашана добра, адбываецца рост”, - сказаў Папа.

"Чалавецтву не хапае галоўных герояў, пратаганістаў”, а таксама “здольнасці спраўляцца з крызісамі і развіваць уласную культуру”, - адзначыў Францішак, заклікаючы не баяцца дэманстраваць сапраўдныя каштоўнасці краіны. “Крызіс падобны да голасу, які гаворыць нам, як дзейнічаць”, - дадаў Святы Айцец.

На пытанне аб небяспецы аднолькавай ідэнтычнасці, адзінага вобраза мыслення, Папа адказаў так: "Адзіны вобраз мыслення знішчае чалавечае багацце. А чалавечае багацце павінна ўлічваць тры рэальнасці, тры мовы: мову нашага розуму, сэрца і рук. Мы думаем тое, што адчуваем і што робім, адчуваем тое, што думаем і робім, і робім тое, што думаем і адчуваем. Гэта і ёсць чалавечая гармонія. Калі чалавеку не хапае адной з гэтых трох моў, узнікае дысбаланс, які прыводзіць да адзінага пачуцця, адзінага прагматызму або адзінага мыслення. Гэта здрада чалавецтва”.

Годнасць працы

Закранаючы тэму працы, Пантыфік нагадаў аб тым, што “праца надае чалавеку годнасць, а найвялікшай здрадай на шляху да годнасці з'яўляецца эксплуатацыя". На яго думку, эксплуатацыя людзей – адзін з самых цяжкіх грахоў. “Праца гарантуе годнасць, таму работнік валодае адмысловымі правамі. Калі работнік прымаецца на працу, яму неабходна гарантаваць сацыяльныя паслугі, якія з'яўляюцца часткай яго правоў. Праца павінна суправаджацца правамі, інакш гэта рабства. Калі работнікі не маюць ніякіх правоў або іх наймаюць на кароткі тэрмін, каб пазней замяніць і пазбегнуць выплаты ўнёскаў на сацыяльнае страхаванне, яны ператвараюцца ў рабоў, а наймальнік – у ката”, - лічыць Францішак.

Святы Айцец выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што некаторыя называюць яго камуністам па прычыне таго, што ён напісаў у сацыяльных энцыкліках: "Гэта не так. Папа чытае Евангелле і кажа тое, што гаворыцца ў Евангеллі. Ужо ў Старым Запавеце габрэйскі закон патрабаваў, каб клапаціліся пра ўдоў, сірот і чужынцаў. Калі грамадства выконвае гэтыя тры ўмовы, усё пойдзе добра. Таму што гэта экстрэмальныя абставіны”, - сказаў Папа.

Панаванне чалавека над тэхналогіямі

На пытанне пра дасягненні ў сферы тэхналогій і іх наступствы Пантыфік адказаў, што "асновай культурнага прагрэсу, уключаючы штучны інтэлект, з'яўляецца здольнасць мужчын і жанчын кіраваць ім, засвойваць і кантраляваць яго. Іншымі словамі, мужчыны і жанчыны з'яўляюцца гаспадарамі тварэння, і мы не павінны адмаўляцца ад гэтага. Неабходны кантроль чалавека над чым бы там ні было. Сур'ёзныя навуковыя змены – гэта прагрэс. Мы павінны быць адкрытыя для гэтага”.

Усеагульная бяспека

Вяртаючыся да тэмы вайны, Святы Айцец заклікаў да “ўсеагульнай бяспекі для ўсіх”. Немагчыма казаць аб бяспецы, калі яна не з'яўляецца ўсеагульнай. “Я лічу, што дыялог не можа быць толькі нацыяналістычным, ён павінен быць універсальным, асабліва ў нашы дні, калі ёсць усе магчымасці для камунікацыі. Вось чаму я кажу пра ўсеагульны дыялог, усеагульную гармонію, усеагульную сустрэчу. І, вядома ж, вораг усяго гэтага – вайна", - папярэдзіў Папа.

На думку Францішка, эксплуатацыя і тэрытарыяльны кантроль з'яўляюцца прычынамі войнаў, "якія распальваюцца дыктатурамі". Для пабудовы міру і агульнага дабра неабходна "ўсвядоміць уласную ідэнтычнасць. Нельга весці дыялог з іншымі, калі вы не ўсведамляеце, адкуль прыйшлі. Калі сустракаюцца два свядомых чалавека, яны могуць весці дыялог і рабіць крокі да пагаднення, прагрэсу, ісці разам", - заўважыў Пантыфік.

Касцёл у гармоніі

На пытанне пра тое, які Касцёл неабходны ў наш час, Святы Айцец адказаў, што "з самага пачатку Другога Ватыканскага Сабору ў Яна XXIII было вельмі дакладнае разуменне: Касцёл павінен змяніцца. Павел VI пагадзіўся, як і наступныя Папы. Гаворка ідзе не толькі аб змене ладу жыцця, але і аб змене тэмпаў росту на карысць годнасці людзей".

Надзея

Напрыканцы інтэрв'ю закранаецца тэма надзеі: "Нельга жыць без надзеі. Калі б мы згубілі нашы маленькія паўсядзённыя надзеі, мы б страцілі сваю індывідуальнасць. Мы не ўсведамляем, што жывем надзеямі. Тэалагічная надзея вельмі сціплая, але менавіта яна запраўляе нашы паўсядзённыя стравы. Думаць, што заўтра можа быць лепш – гэта не эскапізм. Гэта іншая справа”, - сказаў Папа.

Гаворачы аб наступных апостальскіх падарожжах, Францішак нагадаў, што хацеў бы паехаць у Аргенціну. "Што тычыцца больш аддаленых краін, у мяне засталася Папуа - Новая Гвінея", - сказаў ён.

17 кастрычніка 2023, 11:56