Анёл Панскі: святыя – гэта шчырыя сябры, якім можна давяраць
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святасць – гэта дар ад Бога, звярнуў увагу Францішак, які мы атрымалі з хростам: “калі мы дазволім ёй расці, яна можа цалкам змяніць наша жыццё, асвятляючы яго радасцю Евангелля”. Менавіта таму святыя – “гэта не недасягальныя ці далёкія героі, але такія ж людзі, як мы, нашы сябры, зыходным пунктам для якіх з’яўляецца той самы дар, які атрымалі і мы”.
Святыя знаходзяцца вакол нас, побач з намі – гэта “шчодрыя людзі, якія з Божай дапамогай адказалі на атрыманы дар і дазволілі дзень за днём перамяняцца дзеяннем Духа Святога”, - заўважыў Папа.
“Святасць – гэта дар, ахвяраваны кожнаму для шчаслівага жыцця. Бо калі мы атрымліваем падарунак, якая першая рэакцыя? Гэта менавіта пачуццё шчасця, якое вынікае з таго, што нехта нас любіць; шчаслівыя, благаслаўлёныя, як неаднаразова паўтарае сёння Езус у Евангеллі благаслаўленняў (Мц 5, 1–12)”, - сказаў Францішак.
“Кожны дар, аднак, павінен быць прыняты, - працягнуў Святы Айцец у сваім разважанні перад марыйнай малітвай, - ён цягне за сабой адказнасць за адказ і запрашэнне да рэалізацыі, каб не быў змарнаваны”. Ён нагадаў думку з дакумента Lumen gentium Другога Ватыканскага Сабора, што ўсе ахрышчаныя атрымалі аднолькавы заклік захоўваць і ўдасканальваць сваім жыццём атрыманую святасць (40). І гэта другі аспект святасці – падарожжа, “якое трэба прайсці разам, дапамагаючы адно аднаму, аб'яднаўшыся з тымі выдатнымі спадарожнікамі, якімі з'яўляюцца святыя.
“Яны нашы старэйшыя браты і сёстры, на якіх мы заўсёды можам разлічваць: яны падтрымліваюць нас і, калі мы ідзём не ў той бок, сваёй маўклівай прысутнасцю не перастаюць нас выпраўляць; гэта шчырыя сябры, якім можна давяраць, таму што яны жадаюць нам лепшага, яны не паказваюць на нас пальцам і ніколі не здраджваюць. У іх жыцці мы знаходзім прыклад, у іх малітве атрымліваем дапамогу і ў еднасці з імі ствараем сувязь братэрскай любові. (...) З імі мы ўтвараем вялікую сям’ю на шляху, Касцёл, які складаецца з мужчын і жанчын любой мовы, стану і паходжання, аб’яднаных адным пачаткам, любоўю да Бога і накіраваных да адной мэты – поўнага яднання з Ім, раю: яны ўжо дасягнулі яго, мы – на шляху”, - адзначыў Францішак.
“Святасць – гэта дар і падарожжа. Такім чынам, мы можам спытаць сябе: ці памятаю я, што атрымаў дар Духа Святога, які кліча мяне да святасці і дапамагае мне дасягнуць яе? Ці дзякую я Яму за гэта? Ці адчуваю я побач з сабой святых, ці звяртаюся да іх? Ці ведаю я гісторыю некаторых з іх? Добра ведаць жыццё святых і кіравацца іх прыкладам. Добра звяртацца да іх у малітве”, - заўважыў Папа.
Перад малітвай Анёл Панскі і апостальскім благаслаўленнем Францішак папрасіў Марыю, Каралеву ўсіх святых, даць кожнаму “адчуць радасць атрыманага дару і ўзмоцніць у сабе імкненне да вечнай мэты”.