Анёл Панскі: ўнутранае жыццё не выносіць імправізацыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак спаслаўся на чытаную ў нядзельнай літургіі прыпавесць пра мудрых і неразумных паннаў (Мц 25, 1-13). Ён падкрэсліў, што жыццё – гэта вялікая падрыхтоўка да сустрэчы з Хрыстом.
Аналізуючы фрагмент Евангелля, Папа звярнуў увагу на тое, што розніца паміж мудрымі і неразумнымі заключаецца менавіта ў падрыхтоўцы. “Усе гэтыя сяброўкі нявесты прысутнічаюць, каб вітаць жаніха – жадаюць сустрэцца з ім, як і мы жадаем шчаслівай рэалізацыі жыцця: таму розніца паміж мудрасцю і глупствам не ў добрай волі. І не ў пунктуальнасці, з якой мы прыходзім на сустрэчу: усе яны былі там. Розніца паміж мудрым і неразумным у іншым – у падрыхтоўцы. (...) Вось розніца – алей. А якая адна з характарыстычных рыс алею? Тое, што яго не відаць: ён унутры светача, не кідаецца ў вочы, але без яго светач не гарыць”, - разважаў Святы Айцец.
Справа не столькі ў знешнім выглядзе, колькі ў тым, што знаходзіцца глыбока ў нас: клопаце пра сваё ўнутранае жыццё, патлумачыў ён. Гэты клопат уключае ў сябе, у прыватнасці, прыслухоўванне да свайго сэрца, назіранне за сваімі думкамі і пачуццямі, а таксама і маўчанне.
“Часта мы вельмі ўважліва ставімся да знешняга выгляду, галоўнае – добра клапаціцца пра свой імідж, каб рабіць добрае ўражанне на іншых. Але Езус кажа, што жыццёвая мудрасць заключаецца ў іншым: у клопаце пра тое, што не відаць, што важнейшае – гэта клопат пра душу. Захаванне ўнутранага жыцця. Гаворка ідзе пра ўменне спыніцца і прыслухацца да свайго сэрца, сачыць за сваімі думкамі і пачуццямі. (...) Мудрасць азначае ўмець вызваліць месца для цішыні, умець слухаць сябе і іншых. Важна ведаць, як адмовіцца ад часу, праведзенага перад экранам тэлефона, каб паглядзець на святло ў вачах іншых, у сваім сэрцы, у позірку Бога, скіраваным на нас – не даць патрапіць у пастку актывізму, але прысвяціць час Пану, слухаючы Яго Слова”, - заўважыў Пантыфік.
Ён адзначыў, што ўнутранае жыццё – гэта не справа аднаго моманту. Тут патрэбна пастаянства, як і ў кожнай важнай справе. “Евангелле дае нам слушную параду не грэбаваць алеем унутранага жыцця, алеем душы: яно кажа нам, што важна яго падрыхтаваць. І ў прыпавесці мы бачым, што ў паннаў ужо ёсць светачы, але яны павінны падрыхтаваць алей: ім трэба пайсці да гандляроў, купіць яго, заліць у светачы. Так і для нас: унутранае жыццё не можа быць імправізацыяй, гэта не справа моманту, не штосьці, што робіцца час ад часу, раз і назаўжды; унутранае жыццё патрабуе падрыхтоўкі праз прысвячэнне невялікай колькасці часу кожны дзень, з паслядоўнасцю, як гэта робіцца ў выпадку кожнай важнай справы”, - адзначыў Францішак.
Завяршаючы сваё разважанне, Папа прапанаваў кожнаму падумаць пра “алей сваёй душы”, пра яго наяўнасць. “Няхай Маці Божая дапамагае нам захоўваць алей унутранага жыцця!” - звярнуўся ён з малітвай.