Анёл Панскі з Папам: сябры Езуса служаць Яму ў самых слабых
Аляксандр Панчанка - Vatican News
З прычыны прастуднага захворвання Пантыфік правёў яе не з акна свайго кабінета ў Апостальскім палацы, а з капліцы Дома святой Марты. Зварот Папы трансліраваўся ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ, у тым ліку на вялікіх экранах, устаноўленых на плошчы святога Пятра, дзе сабраліся тысячы вернікаў. Францішак падзякаваў ім за прысутнасць і папрасіў мансерьёра Паола Брайда, супрацоўніка Дзяржсакратарыяту, прачытаць тэкст разважання, які падрыхтаваў.
У каментары да ўрыўка з Евангелля святога Мацвея (25, 36-41), у якім Езус кажа пра Апошні Суд, выкарыстоўваючы вобраз Валадара, Сына Чалавечага, які сядзіць на троне славы сваёй, і аддзяляе “благаслаўлёных” ад “праклятых”, Пантыфік зазначыў, што да сяброў Пана адносяцца тыя, хто служыў Яму ў самых слабых людзях.
Папа нагадаў, што Сын Чалавечы – гэта Валадар, які называе бедных “братамі”, які атаясамлівае сябе з галоднымі, прагнучымі, іншаземцамі, хворымі, вязнямі і кажа: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. “Ён з’яўляецца Валадаром, адчувальным да праблемы голаду, да патрэбы ў доме, да хваробаў і зняволення: усё гэта рэальнасць, якая, на жаль, заўсёды актуальная. Галодныя, бяздомныя, часта апранутыя так, як змаглі, тоўпяцца на нашых вуліцах: мы сустракаем іх кожны дзень. І нават, што тычыцца хваробы і турмы, мы ўсе ведаем, што значыць быць хворым, рабіць памылкі і расплачвацца за іх наступствы”, - нагадаў Францішак.
“Сённяшняе Евангелле кажа нам, што мы становімся “благаслаўлёнымі”, калі адказваем на гэту беднасць любоўю і служэннем: калі не адварочваемся, але даем ежу і пітво, калі апранаем, прымаем, адведваем, адным словам, набліжаемся да тых, хто мае патрэбу. І гэта таму, што Езус, наш Валадар, які называе сябе Сынам Чалавечым, мае ўмілаваных сясцёр і братоў сярод самых уразлівых жанчын і мужчын. Яго “каралеўская зала” размясцілася там, дзе знаходзяцца людзі, якія пакутуюць і патрабуюць дапамогі. Гэта “двор” нашага Валадара. А стыль, па якім пакліканы адрознівацца Яго сябры, тыя, для каго Езус з’яўляецца Панам – гэта Яго ўласны стыль: спагада, міласэрнасць, пяшчота. Яны робяць высакародным сэрца і, як алей, ліюцца на раны параненых жыццём”, - напісаў Папа.
“Такім чынам, браты і сёстры, давайце спытаем сябе: ці верым мы ў тое, што сапраўдная каралеўская годнасць заключаецца ў міласэрнасці? Ці верым мы ў сілу любові? Ці верым мы ў тое, што міласэрнасць з’яўляецца самай каралеўскай праявай чалавека і неад’емнай патрэбай хрысціяніна? І, нарэшце, асаблівае пытанне: ці з’яўляюся я сябрам Валадара, гэта значыць, ці адчуваю я сябе асабіста ўцягнутым у патрэбы церпячых людзей, якія сустракаюцца на маім шляху?”, - прапанаваў задумацца Святы Айцец, заклікаючы папрасіць у малітве Багародзіцу, каб дапамагла “нам любіць Езуса, нашага Валадара, у Яго найменшых братах.