COP28 у Дубаі COP28 у Дубаі 

Францішак адправіцца ў Дубай. Афіцыйная праграма падарожжа

Папа правядзе ў Дубаі закрытыя двухбаковыя сустрэчы і звернецца з прамовай да ўдзельнікаў Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (COP28).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальскае падарожжа Францішка ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты пройдзе 1-3 снежня 2023 года. 9 лістапада 2023 года ў Ватыкане была абнародавана яго афіцыйная праграма.

У Дубай 1 снежня 2023 года Папа адправіцца ў 11.30 з міжнароднага аэрапорта Ф’юмічына. Яго прыбыцця ў найбуйнейшы гандлёвы, фінансавы і турыстычны цэнтр Блізкага Усходу будуць чакаць у 20.25 па мясцовым часе.

Першым пунктам афіцыйнай праграмы наступнага дня, суботы 2 снежня, стане прамова Францішка на Канферэнцыі COP 28 у дубайскім Expo City. Яна прагучыць каля 10.00. У 10.30 распачнуцца двухбаковыя прыватныя сустрэчы, якія працягнуцца і ў другой палове дня – з 15.30.

У нядзелю 3 снежня 2023 года Францішак прыме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці Павільёна веры ў выставачным комплексе Expo City, а адтуль адправіцца ў Міжнародны аэрапорт Дубая World Central. Там пройдзе цырымонія развітання. Вылет запланаваны на 10.45, а прылёт у Рым – на 14.40.

Святы Айцец ужо быў у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах чатыры гады таму. У лютым 2019 года ён і Вялікі імам Аль-Азхар Ахмед эль-Таеб падпісалі тут Дакумент аб агульначалавечым братэрстве. Францішак стаў першым Пантыфікам, які наведаў Аравійскі паўвостраў і цэлебраваў Імшу для каталіцкай супольнасці ў Эміратах.
 

09 лістапада 2023, 12:34