Motu proprio: тэалогіі трэба рэалізаваць мэты, якіх патрабуе час
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Прасоўванне тэалогіі ў будучыні не можа абмяжоўвацца абстрактным паўторам формул і схем мінулага”, - напісаў Папа ў самым пачатку, тлумачачы матыў змен. Пасля амаль пяці дзесяцігоддзяў ад зацвяржэння папярэдніх норм надышоў час перагляду і адаптавання да “місіі, якую наш час ускладае на тэалогію”.
“Сінадальны, місійны і выходзячы вонкі Касцёл можа адпавядаць толькі выходзячай тэалогіі”, - лічыць Пантыфік. На яго думку, адкрытасць на свет, на чалавека ў канкрэтнасці яго экзістэнцыяльнай сітуацыі “не можа быць зведзена да тактычнага стаўлення, знешняга прыстасавання ўжо выкрышталізаванага зместу да новых сітуацый, але павінна заахвочваць тэалогію да пераасэнсавання эпістэмалагічнага і метадалагічнага”.
Папская тэалагічная акадэмія, паводле Францішка, павінна практыкаваць “трансдысцыплінарны падыход”. “Дыялог з іншымі формамі ведаў, безумоўна, прадугледжвае дыялог унутры касцёльнай супольнасці і ўсведамленне істотнага сінадальнага і камунійнага вымярэння тэалогіі: тэолаг не можа не жыць братэрствам і камуніяй ад першай асобы, на службе евангелізацыі і для таго, каб дасягнуць сэрца кожнага”, - напісаў ён
Нарэшце, перакананы Святы Айцец, “неабходная ўвага да навуковага статусу тэалогіі не павінна засланяць яе вымярэнне мудрасці” – “навуковы розум павінен пашырыць свае межы ў напрамку мудрасці, каб не дэгуманізаваць і не збядніць сябе”. Тут тэалогія можа ўнесці свой уклад у актуальную дыскусію, прычым, не абстрактным і ідэалагічным, але духоўным чынам; яна павінна “развіваецца на каленях, праз адарацыю і малітву”, быць уважлівай да голасу народа, становячыся “тэалогіяй народнай, міласэрна звернутай да адкрытых ран чалавецтва і стварэння”.
“Ва ўмовах абноўленай місіі тэалогіі, Папская тэалагічная акадэмія заклікана развіваць, пастаянна звяртаючы ўвагу на навуковы характар тэалагічнага разважання, трансдысцыплінарны дыялог з іншымі навуковымі, філасофскімі, гуманістычнымі і мастацкімі ведамі, з вернікамі і няверуючымі, з мужчынамі і жанчынамі розных хрысціянскіх канфесій і рэлігій”, - заўважыў Францішак.
На думку Папы, “гэта можа адбыцца шляхам стварэння акадэмічнай супольнасці для абмену верай і вывучэннем, якая пляце сетку адносін з іншымі навучальнымі, адукацыйнымі і культурнымі ўстановамі і якая ведае, як з арыгінальнасцю і духам уяўлення пранікаць у экзістэнцыяльныя месцы развіцця ведаў, прафесій і хрысціянскіх суполак”.
“Дзякуючы новаму статуту, Папская тэалагічная акадэмія зможа лягчэй рэалізаваць мэты, якіх патрабуе час”, - такое пераканне Пантыфік выказаў у завяршэнне свайго апостальскага ліста.