Пошук

Пантыфік: у Святой Зямлі загінула шмат нявінных

Трагедыя разгортваецца менавіта ў тых месцах, дзе жыў Пан, дзе Ён вучыў нас любіць і дараваць, - сказаў Францішак, звяртаючыся да членаў Ордэна Гроба Хрыстовага ў Іерусаліме.

Марыя Валодзіна - Vatican News

9 лістапада 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Іерусалімскага ордэна на чале з вялікім магістрам, кардыналам Фернанда Філоні.

Члены ордэна сабраліся ў Рыме, каб абмеркаваць тэму фармацыі – падрыхтоўкі кандыдатаў на ўступленне ў ордэн, далейшага бесперапыннага навучання тых, хто ўжо ўдзельнічае ў яго місіі, а таксама духоўнай і практычнай адукацыі тых, хто займае ў ордэне адказныя пасады.

Папа нагадаў, што зацверджаны ім Статут уяўляе сабой асноўны шлях, па якім павінен рухацца Мальтыйскі ордэн, мэта якога – аб'ядноўваць мужчын і жанчын, якія імкнуцца да больш поўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла, і адкрывацца ўсяму свету. Захоўваючы сваю самабытнасць, ордэн пакліканы несці міласэрнае служэнне на карысць блізкага: ад адукацыі дзяцей у школах да канкрэтных праяў салідарнасці з самымі далікатнымі катэгорыямі людзей, такімі як пажылыя, хворыя, бежанцы.

Адукацыя і дабрачыннасць – вось тое служэнне, якое члены Мальтыйскага ордэна пакліканы выконваць сёння на карысць Касцёла і свету. “У любую эпоху, нават у наш час, адзначаны тэхнакратычнай парадыгмай, існуе вялікая патрэба ў людзях, якія займаюцца дабрачыннасцю з розумам і фантазіяй”, - заўважыў Францішак, заахвочваючы гасцей працягваць іх дзейнасць і аддана навучаць іншых на розных этапах фармацыі.

Напрыканцы прамовы да членаў Іерусалімскага ордэна Папа не мог не скіраваць свае думкі да Святой Зямлі. “На жаль, мы сталі сведкамі трагедыі, якая разгортваецца менавіта там, дзе жыў Пан, дзе Ён сваёй чалавечнасцю вучыў нас любіць, дараваць і рабіць дабро ўсім. Замест гэтага мы бачым як гэтая Зямля раздзіраецца вялізнымі пакутамі, якія закранаюць перш за ўсё столькі нявінных. Загінула столькі нявінных людзей”, - сказаў Святы Айцец, запэўніваючы гасцей у сваёй духоўнай блізкасці.

Францішак заклікаў Панну Марыю, царыцу Палестыны, заўсёды дапамагаць членам ордэна ў іх місіі і ад душы благаславіў іх і іх сем'і.

09 лістапада 2023, 13:10