Папа арганізатарам СДМ: давярайце талентам іншых людзей

Папа прыняў дэлегацыю арганізатараў Сусветных дзён моладзі, якія праходзілі ў жніўні 2023 года ў Лісабоне, і падзякаваў ім за прыклад добрага супрацоўніцтва і ўвагі да бедных.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Вы пакінулі нам цудоўны прыклад таго, як можна рэалізаваць місію разам, не выключаючы нікога. Больш за тое, вы здолелі паставіць у цэнтр тых, хто дагэтуль жыў у адчужанасці. Шчаслівыя тыя, хто атрымлівае ў спадчыну і вызнае жыццём паўсюднае вымярэнне сэрца Бога! Будзьце здольным давяраць талентам іншага – кім бы ён ні быў, – дапамагаючы яму ўключыцца ў вялікую супольную мару”, - заўважыў Папа ў тэксце сваёй прамовы, якая была прачытана падчас аўдыенцыі, што прайшла 30 лістапада 2023 года ў Ватыкане.

Францішак заклікаў па прыкладзе Езуса Хрыста мець увагу да людзей, якія “засталіся ззаду”, а таксама пажадаў, каб Сусветныя дні моладзі ў Партугаліі прынеслі багатыя духоўныя плёны.

“Няхай Бог узнагародзіць вас за дабро, якое вы зрабілі для моладзі і для мяне, для горада Лісабона і для людзей з усяго свету, якія скіравалі туды свае крокі і сэрцы. Прашу вас, працягвайце паказваць і падштурхоўваць нас да паўсюдных вымярэнняў Божага сэрца!”, - заахвоціў арганізатараў СДМ-2023 Святы Айцец.
 

30 лістапада 2023, 11:38