Папа да біскупаў Францыі: дапамагаць грамадству абараняць жыццё
Марыя Валодзіна – Vatican News
Святы Айцец запэўніў французскіх біскупаў у сваёй еднасці, малітве і братэрскай падтрымцы іх місійнага служэння святому народу Божаму. Ён пажадаў, каб Святы Дух быў галоўным героем пасяджэння, у сінадальным духу, сугучным з сінадальнасцю паўсюднага Касцёла. Толькі Святы Дух здольны стварыць гармонію, паважаючы разнастайнасць галасоў, - гаворыцца ў пасланні за подпісам кардынала Параліна.
Святы Айцец узгадаў свой нядаўні візіт у Марсэль, дзе ён змог адчуць дынамізм Касцёла Францыі. Ён заклікаў французскі епіскапат “працягваць глядзець у бок Міжземнага мора”, а таксама “з радасцю абвяшчаць Добрую Навіну на скрыжаваннях экзістэнцыяльных перыферый Францыі”. Папа заахвоціў біскупаў “дапамагаць свайму грамадству абараняць чалавечае жыццё праз справядлівыя законы і канкрэтныя праявы братэрства”.
Папа пажадаў Касцёлу Францыі “заўсёды захоўваць давер да Пана і не даць збянтэжыць сябе новымі выклікамі, але заставацца прароцкім Касцёлам, які глядзіць у будучыню”. Ён запрасіў біскупаў і святароў запаліць у сваіх сэрцах “агонь місіі і святло надзеі”, каб вярнуць сучаснікам “захапленне верай, надзеяй і любоўю”.
Напрыканцы паслання Пантыфік давярыў французскі епіскапат заступніцтву Маці Божай Лурдскай і ўсіх святых Францыі, і даслаў біскупам і іх супрацоўнікам сваё благаслаўленне.