Папа футбалістам: перамога – гэта ўвесь працэс сумеснай гульні

“У спорце, магчыма, самае прыгожае – гэта бескарыслівасць, прыгажосць сумеснай гульні”, - падзяліўся Папа сваім меркаваннем з гульцамі і персаналам футбольнага клуба Селтык, якіх прыняў 29 лістапада 2023 года на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Шатландскія футбалісты прыехалі ў Рым для ўдзелу ў матчы Лігі чэмпіёнаў УЕФА, які прайшоў 28 лістапада ўвечары супраць мясцовага клуба Лацыё. Італьянскія футбалісты ў выніку перамаглі.

“Нягледзячы на тое, што заўсёды лепш выйграць гульню, чым прайграць, гэта не самае галоўнае! Важней тое, які прыклад вы паказваеце, як у перамогах, так і ў паражэннях, як на полі, так і па-за ім. Прыклад, які ўвасабляе такія цноты, як мужнасць, стойкасць, шчодрасць і павага да годнасці іншых, што з'яўляецца дарам ад Бога”, - заўважыў Францішак.

Ён нагадаў аб тым, што футбольны клуб быў заснаваны ў 1887 годзе з дакладнай мэтай барацьбы з беднасцю ў горадзе Глазга. “Гэта была сапраўды дабрачынная ініцыятыва на карысць самых бедных сярод нашых братоў і сясцёр. І ўсё ж, як з тых часоў змяніўся свет футбола! У прыватнасці, значна вырас фінансавы след вялікага спорту, прычым настолькі, што часам футбол становіцца цікавы выключна дзеля фінансавай выгады”, - сказаў Пантыфік.

Францішак папрасіў футбалістаў заставацца “добрым узорам для пераймання, асабліва для маладых людзей”. “Высокія стандарты, якія вы закліканы дасягнуць, тычацца не толькі вашых спартыўных навыкаў і класічных патрабаванняў, неабходных для дасягнення поспехаў, але і вашай асабістай сумленнасці. (...) Усе павінны бачыць у вас не толькі добрых футбалістаў, але і людзей, здольных на далікатнасць, людзей з вялікім сэрцам, якія ўмеюць мудра распараджацца шматлікімі выгодамі, якія з’яўляюцца дзякуючы ўдаламу сацыяльнаму становішчу”, - адзначыў ён, абяцаючы сваім гасцям малітву і просячы іх аб малітве за сябе.

У самым канцы сустрэчы Папа звярнуўся да спартсменаў з спантаннай і вельмі асабістай рэфлексіяй, нагадваючы ім, што “самае прыгожае ў спорце – гэта бескарыслівасць і прыгажосць сумеснай гульні”, а таксама “аматарскі дух”.

“Няважна, выйгралі мы ці не выйгралі, усё роўна. Усе змагаюцца, каб перамагчы, але перамога – гэта не мэта, можа здарыцца пройгрыш: перамога – гэта ўвесь працэс сумеснай гульні, працы ў камандзе. Захоўвайце аматарскі дух. Гэта самае лепшае ў спорце”, - такімі словамі Францішак развітаўся з шатландскімі футбалістамі.
 

29 лістапада 2023, 11:06