Папа сустрэўся з супрацоўнікамі Сакратарыята па эканоміцы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэфект ватыканскага ведамства Максіміна Кабальера Леда прывітаў Папу, нагадваючы, што Сакратарыят па эканамічных пытаннях – гэта “маладая ўстанова, якая ўзнікла з пачаткам эканамічнай рэформы” і паступова адаптавалася да патрабаванняў, якія былі на яе ўскладзены ў кантэксце рэформы Рымскай курыі, стаўшы “персанальным Сакратарыятам” Святога Айца ў пытаннях эканомікі.
Прэфект падкрэсліў, што ведамства намагаецца падтрымліваць ажыццяўленне рэформы, пастаянна імкнучыся захоўваць раўнавагу “паміж патрэбай у рэгуляванні і кантролі, неад’емнымі для празрыстасці і клопату пра абмежаваныя рэсурсы, якія ёсць у распараджэнні”, і патрэбай у “эфектыўнасці і гнуткасці ў кіраванні, таксама неад’емнымі для гарантавання рэалізацыі місіі Біскупа Рыма і дыкатэрый, якія дапамагаюць яму”.
Кабальера Леда заўважыў таксама, што прагрэс у кіраванні эканамічнымі і фінансавымі рэсурсамі Апостальскай Сталіцы, дасягнуты за апошнія гады, стаў магчымы дзякуючы ўкладу ўсіх штатных і пазаштатных супрацоўнікаў структуры, дадаючы: “унёсак кожнага – гэта неад’емны элемент для далейшага развіцця ў штодзённым служэнні”.
Галоўны ватыканскі эканаміст падкрэсліў, што яшчэ застаецца вялікі аб’ём працы ў розных сектарах, як у святле паляпшэння новых працэдур, якія былі ўжо ўстаноўлены, так і ў сферы забеспячэння будучай устойлівасці і захаванні спадчыны Апостальскай Сталіцы.
Францішак, у сваю чаргу, заклікаў калектыў Сакратарыяту па эканамічных пытаннях працягваць ісці па шляху, ужо распачатым, як для гарантавання празрыстасці і кантролю, таксама і для вылучэння ўсё больш эфектыўных працэдур.