Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец: мір – магчымы, патрэбна добрая воля

Папа расказаў пра новых благаслаўлёных, выказаў блізкасць народам, якія пакутуюць ад гвалту і вайны, падзякаваў каталіцкім супольнасцям за ўвагу да бедных і заклікаў спрыяць бяспецы на дарогах.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітвы Анёл Панскі, якая прайшла 19 лістапада 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак заўважыў, што ў іспанскай Севільі адбылася беатыфікацыя ксяндза Мануэля Ганзалеса-Серны і яго дзевятнаццаці паплечнікаў, святароў і свецкіх вернікаў, забітых у 1936 годзе падчас антырэлігійнага пераследу ў ходзе Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. “Няхай іх прыклад суцешыць шматлікіх хрысціян, якія ў наш час падвяргаюцца дыскрымінацыі за веру”, - пажадаў ён.

Пантыфік выказаў сваю блізкасць жыхарам М’янмы, якія працягваюць пакутаваць ад гвалту і самавольства. “Я малюся, каб яны не падалі духам і заўсёды спадзяваліся на дапамогу Пана”, - дадаў ён.

Святы Айцец заклікаў вернікаў працягваць маліцца за змучаную Украіну і народы Палесціны і Ізраіля. “Мір – магчымы. Патрэбна добрая воля. Мір – магчымы. Не скорымся перад вайной! І давайце не будзем забываць, што вайна – гэта заўсёды, заўсёды параза: зарабляюць выключна вытворцы зброі”, - сказаў Францішак.

Папа нагадаў, што 19 лістапада ў Касцёле адзначаецца Сусветны дзень бедных і выказаў падзяку ўсім дыяцэзіям і парафіям, якія рэалізавалі ініцыятывы салідарнасці з людзьмі і сем’ямі, што знаходзяцца ў нястачы.

Пантыфік згадаў пра Сусветны дзень памяці ахвяр дарожных здарэнняў, заклікаючы маліцца за іх, за іх блізкіх і прыкладаць намаганні для прадухілення здарэнняў. Ён таксама нагадаў, што 21 лістапада будзе адзначацца Сусветны дзень рыбалоўства.
 

19 лістапада 2023, 12:55