Святы Айцец: мір – магчымы, патрэбна добрая воля
Аляксандр Панчанка - Vatican News
На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітвы Анёл Панскі, якая прайшла 19 лістапада 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак заўважыў, што ў іспанскай Севільі адбылася беатыфікацыя ксяндза Мануэля Ганзалеса-Серны і яго дзевятнаццаці паплечнікаў, святароў і свецкіх вернікаў, забітых у 1936 годзе падчас антырэлігійнага пераследу ў ходзе Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. “Няхай іх прыклад суцешыць шматлікіх хрысціян, якія ў наш час падвяргаюцца дыскрымінацыі за веру”, - пажадаў ён.
Пантыфік выказаў сваю блізкасць жыхарам М’янмы, якія працягваюць пакутаваць ад гвалту і самавольства. “Я малюся, каб яны не падалі духам і заўсёды спадзяваліся на дапамогу Пана”, - дадаў ён.
Святы Айцец заклікаў вернікаў працягваць маліцца за змучаную Украіну і народы Палесціны і Ізраіля. “Мір – магчымы. Патрэбна добрая воля. Мір – магчымы. Не скорымся перад вайной! І давайце не будзем забываць, што вайна – гэта заўсёды, заўсёды параза: зарабляюць выключна вытворцы зброі”, - сказаў Францішак.
Папа нагадаў, што 19 лістапада ў Касцёле адзначаецца Сусветны дзень бедных і выказаў падзяку ўсім дыяцэзіям і парафіям, якія рэалізавалі ініцыятывы салідарнасці з людзьмі і сем’ямі, што знаходзяцца ў нястачы.
Пантыфік згадаў пра Сусветны дзень памяці ахвяр дарожных здарэнняў, заклікаючы маліцца за іх, за іх блізкіх і прыкладаць намаганні для прадухілення здарэнняў. Ён таксама нагадаў, што 21 лістапада будзе адзначацца Сусветны дзень рыбалоўства.