Увясну выйдзе новая кніга пра жыццё Францішка
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кніга Life, My Story Through History выйдзе ў нью-ёркскім выдавецтве HarperCollins, якое 7 лістапада 2023 года анансавала публікацыю. Яна з’явіцца ў кнігарнях шэрагу краін Еўропы і Амерыкі: Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Канады, Мексікі, Партугаліі, Польшчы, Францыі.
Падзеі, якія змянілі свет
На старонках выдання Францішак упершыню распавядзе гісторыю свайго жыцця на фоне гістарычных падзей, пачынаючы з Другой сусветнай вайны і да нашых дзён. Дзякуючы асабістым ўспамінам Святога Айца, чытач здзейсніць незвычайнае падарожжа скрозь дзесяцігоддзі, каб прасачыць такія значныя моманты гісторыі, як падзенне Берлінскай сцяны, дзяржаўны пераварот Відэлы ў Аргенціне, высадка чалавека на Месяц у 1969 годзе і нават чэмпіянат свету па футболе 1986 года, на якім Марадона рукой Бога (la mano de Dios) забіў свой знакаміты гол.
Папа падзеліцца сваімі асабістымі ўспамінамі пра гады нацысцкага знішчэння габрэяў, атамную бамбардзіроўку Хірасімы і Нагасакі, вялікую эканамічную рэцэсію 2008 года, падзенне вежаў-блізнят у Нью-Ёрку, пандэмію, адстаўку Бэнэдыкта XVI і канклаў, які абраў яго Папам.
Гарачыя тэмы і сюжэты бягучых падзей
Францішак таксама агучыць свой погляд па такія актуальныя пытанні, як сацыяльная няроўнасць, кліматычны крызіс, вайна, атамная зброя, расавая дыскрымінацыя і абарона жыцця. Голас Пантыфіка будзе чаргавацца з голасам аўтара Фабіа Маркезэ Рагоны, ватыканіста тэлевізійнай групы Mediaset, які ў кожным раздзеле апіша гістарычны кантэкст, у якім жыў Папа.
Памятаць, каб не паўтараць памылкі
У прэс-рэлізе выдавецтва HarperCollins прыводзіцца каментар Святога Айца да публікацыі: "У гэтай кнізе мы распавядаем гісторыю, гісторыю майго жыцця, на фоне самых важных і драматычных падзей, якія перажыло чалавецтва за апошнія восемдзесят гадоў. Гэтая кніга выйшла ў свет, каб асабліва маладое пакаленне магло прыслухацца да голасу старэйшага і паразважаць пра тое, што перажыла наша планета, каб больш не паўтараць памылкі мінулага. Падумаем, напрыклад, пра войны, якія раздзіралі і працягваюць раздзіраць свет. Падумаем пра генацыд, пераслед, нянавісць паміж братамі і сёстрамі розных рэлігій! Колькі болю! Дасягнуўшы пэўнага ўзросту, важна зноў адкрыць кнігу ўспамінаў і захаваць памяць. Вучыцца, азіраючыся назад, выяўляць тое нядобрае, атрутнае, што мы перажылі, разам з грахамі, якія мы здзейснілі, але таксама ўзгадаць усё добрае, што паслаў нам Бог. Гэта практыкаванне ў распазнанні, якое мы ўсе павінны зрабіць, пакуль не стала занадта позна!"
Апублікаваць кнігу Папы – вялікі гонар
“Францішак пражыў выключнае жыццё, стаўшы сведкам некаторых з самых вырашальных момантаў у найноўшай гісторыі. Мы з нецярпеннем чакаем магчымасці данесці яго аповед да чытачоў па ўсім свеце”, - адзначыў Браян Мюрэй, старшыня і галоўны выканаўчы дырэктар выдавецтва HarperCollins.