Анёл Панскі: стаць для іншых ценем Найвышэйшага
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа спаслаўся на Евангелле IV Нядзелі Адвэнту, якое апісвае сцэну Звеставання (Лк 1, 26-38). Анёл, каб растлумачыць Марыі, як яна зачне Езуса, кажа ёй: “Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе”. Ён прапанаваў спыніцца на вобразе ценю – паколькі ў лацінскім варыянце выкарыстоўваецца слова obumbrabit (засланіць ценем).
“У зямлі, дзе жыла Марыя, вечна свеціць сонца, і воблака, якое праплывае, дрэва, якое супрацьстаіць засусе і прапануе прытулак, гасцінны намёт прыносяць палёгку і абарону. Цень – гэта дар, які аднаўляе, і Анёл дакладна апісвае спосаб, якім Дух сыходзіць на Марыю, Божы спосаб дзеянняў: ён дзейнічае як далікатная любоў, якая абдымае, апладняе і ахоўвае, робячы гэта негвалтоўна, не ранячы свабоды”, - растлумачыў Пантыфік.
Ён нагадаў аб тым, што цень, які абараняе, – гэта часты вобраз у Бібліі, і прывёў прыклад: воблака, якое суправаджае народ Божы ў пустыні (Зых 13, 21-22).
“Карацей кажучы, цень сведчыць пра міласэрнасць Бога, як быццам Ён кажа Марыі, але таксама і нам сёння: “Я тут для Цябе і прапаную сябе ў якасці твайго сховішча і прытулку: прыйдзі пад мой цень, застанься са мной", - заўважыў Святы Айцец.
На думку Папы, “так паводзіць сябе Божая плённая любоў”, і гэта тое, што ў пэўнай ступені мы можам адчуць, напрыклад, калі паміж сябрамі, нарачонымі, мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі ёсць пяшчота і павага, клопат пра іншых.
Бог заклікае “прымаць, абараняць і паважаць іншых”. “У гэтыя дні мы будзем збірацца ў касцёлах, у дамах і на вуліцах, сустрэнем сваякоў і сяброў, якіх, магчыма, даўно не бачылі, не выключана, што даведаемся пра кагосьці, хто праводзіць святы ў адзіноце. Усе яны з’яўляюцца добрай магчымасцю для далікатнага і непрыкметнага клопату: выслухаць, суправадзіць, наведаць, стаць для іншых "ценем Найвышэйшага", - сказаў Францішак.
Ён прапанаваў вернікам у вігілію Божага Нараджэння спытацца ў сябе: “ці хачу я дазволіць, каб мяне ахінуў цень Духа Святога, салодкасць і лагоднасць Бога, вызваліць Яму месца ў сваім сэрцы, набліжаючыся да Яго прабачэння, да Эўхарыстыі? Для якіх самотных і патрабуючых людзей я мог бы стаць ценем, які аднаўляе, сяброўствам, якое суцяшае?”
“Няхай Марыя дапаможа нам быць адкрытымі і гасціннымі на прысутнасць Бога, Які з лагоднасцю прыходзіць, каб збавіць нас”, - такімі словамі Папа завяршыў сваё разважанне перад малітвай Анёл Панскі.