Францішак: рэлігіі з’яўляюцца сумленнем чалавецтва
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У тэксце, прачытаным кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржсакратаром Яго Святасці, Папа падкрэсліў, што рэлігіі, з’яўляючыся сумленнем чалавецтва, нагадваюць нам пра тое, што мы смяротныя істоты з патрэбай у бясконцым. “Мы смяротныя, мы абмежаваныя, і абараняць жыццё азначае таксама супрацьстаяць маніі пражэрлівай усемагутнасці, якая спусташае планету”, - заўважыў Святы Айцец.
Ён папярэдзіў, што чалавек не павінен лічыць сябе гаспадаром свету, жыць так, як быццам Бога не існуе, дазваляць сабе захапляцца мінучымі рэчамі і замест таго, каб мець у сваім распараджэнні тэхналогію, дазваляць ёй панаваць над сабой, “зрабіць сябе таварам” і стаць абыякавым.
Францішак падкрэсліў, што кліматычная драма з’яўляецца таксама драмай рэлігійнай, "паколькі яе карані ляжаць у гордасці самадастатковасці стварэння", а "стварэнне без Створцы гіне".
Ён заклікаў, каб Павільён веры стаў месцам сустрэчы, а рэлігіі заўсёды былі “гасцінным месцам”, дзе гучыць прарочае сведчанне аб неабходнасці трансцэндэнтнасці, братэрства, павагі і клопату адно аб адным, дзе не апраўдваецца прыгнёт стварэння.
Гаворачы аб “дзеянні”, Папа звярнуў увагу на вострую неабходнасць у ініцыятывах на карысць навакольнага асяроддзя, і ў гэтым выпадку не дастаткова толькі эканамічных сродкаў, неабходна выхоўваць да “стрыманага і братэрскага ладу жыцця”. Ён нагадаў, што “рэлігіі таксама пакліканы выхоўваць у кантэмпляцыі, таму што стварэнне з’яўляецца не толькі сістэмай, якую трэба абараняць, але і дарам, які трэба прыняць”.
У пасланні Пантыфіка гаворыцца і пра неабходнасць малітвы і спачування, бо інакш свет будзе жыць толькі ў матэрыялізме, які складаецца з грошай і зброі.
Святы Айцец указаў на ўзаемазалежнасць міру і аховы стварэння. “Мы ўсе бачым, як войны і канфлікты разбураюць навакольнае асяроддзе і падзяляюць народы, што ўскладняе ўдзел у агульных справах, такіх як абарона планеты”, - напісаў ён.
Папа нагадаў аб тым, што ахова міру – гэта таксама задача рэлігіі. “Калі ласка, няхай у гэтым не будзе ніякай непаслядоўнасці. Няхай дзеянні не адмаўляюць таго, што прамаўляецца вуснамі: не трэба абмяжоўвацца толькі размовамі аб міры, і няхай будзе занята выразная пазіцыя ў адносінах да тых, хто, называючы сябе вернікам, распальвае нянавісць і не супрацьстаіць насіллю”, - заклікаў Францішак.
“Браты, сёстры, няхай Усявышні благаславіць нашы сэрцы, каб мы разам былі будаўнікамі міру і абаронцамі стварэння”, - такі заклік прагучаў у канцы папскага паслання.