Францішак выступіў супраць прымусовай рэпатрыяцыі мігрантаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Перш чым абмяркоўваць праблемы бежанцаў, мы ніколі не павінны забываць, што кожны павінен мець вольны выбар, міграваць ці не. Кожны павінен мець магчымасць жыць годным жыццём у сваёй краіне”, - адзначыў Францішак.
Ён з жалем дадаў, што ў свеце існуюць “прыкметы пэўнага рэгрэсу”. Сёння каля 114 мільёнаў чалавек з'яўляюцца вымушанымі перасяленцамі, многія – унутранымі, з прычыны канфліктаў, гвалту і пераследу, у тым ліку на аснове рэлігійных перакананняў, а таксама з прычыны наступстваў змены клімату.
І тут, звярнуў увагу Пантыфік, “абарона і выратаванне чалавечых жыццяў павінны заставацца нашым галоўным прыярытэтам”. “Сёння мы перапоўнены вялікай колькасцю навін і статыстыкі, і часта забываемся, што за гэтымі лічбамі стаяць чалавечыя твары, кожны са сваёй гісторыяй і пакутамі”, - дадаў ён.
Францішак звярнуў увагу і на праблему рэпатрыяцыі. Ён лічыць, што “неабходна строга прытрымлівацца прынцыпу бяспечнай і добраахвотнай рэпатрыяцыі тых, хто вымушаны бегчы”, “ніхто не павінен быць рэпатрыяваны ў краіну, дзе ён можа сутыкнуцца з сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ці нават смерцю”. З іншага боку, трэба ствараць супольнасці, гатовыя і адкрытыя вітаць, падтрымліваць, суправаджаць і інтэграваць мігрантаў.
Бежанец – гэта не проста наданне статусу, але “прызнанне поўнай годнасці чалавека, дадзенай Богам”. Тут Папа згадаў доступ да аховы здароўя, адукацыі і годнай працы. “Аднак гэта таксама азначае наяўнасць месца, дзе вас разумеюць і прымаюць, любяць і клапоцяцца пра вас, дзе вы можаце ўдзельнічаць і ўносіць свой уклад. Бежанцы – гэта людзі з правамі і абавязкамі, а не проста аб'екты дапамогі”, - патлумачыў ён.
На думку Святога Айца, свет знаходзіцца на вырашальным этапе – перад выбарам паміж культурай чалавечнасці і братэрства і культурай абыякавасці.
Францішак выказаў спадзяванне на тое, што Global Refugee Forum стане пацвярджэннем “прынцыпаў братэрства, салідарнасці і нявыдварэння праз больш шырокае міжнароднае супрацоўніцтва і размеркаванне нагрузкі, тым самым аслабляючы ціск на краіны, якія прымаюць бежанцаў”.