Францішак: пасланне Маці Божай Гвадэлупскай абараняе ад ідэалогій

Пасланне Маці Божай Гвадэлупскай не трывае ідэалогій любога кшталту, - падкрэсліў Папа ў гаміліі падчас Імшы, якую ўзначаліў 12 снежня 2023 года ў базіліцы святога Пятра з нагоды ўспаміну Маці Божай Гвадэлупскай – апякункі Лацінскай Амерыкі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак паразважаў над выявай Багародзіцы на сціплым плашчы святога Хуана Дыега, уся гісторыя якога паказвае, што наша беднасць набывае вялікую каштоўнасць у той меры, у якой становіцца здольнай перадаваць пасланне Бога.

Маці Божая папрасіла Хуана Дыега назбіраць кветак, - нагадаў Папа, патлумачыўшы, што кветкі – сімвал цнотаў, якімі Бог напаўняе сэрцы людзей, а просьба збіраць іх – гэта заклік да прыняцця Божых дароў, узрастання ў дабры, а таксама да перамогі над нянавісцю і страхам. 

“Выява, плашч, ружы... Пасланне настолькі простае, што не мае патрэбы ў каментарыі. Разам з упэўненасцю, што яна мая Маці, што яна тут, гэта пасланне абараняе нас ад шматлікіх сацыяльных і палітычных ідэалогій. Пасланне Маці Божай Гвадэлупскай не трывае ідэалогій любога кшталту”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.

 

12 снежня 2023, 19:19