Пантыфік: не забываць пра дзяцей, якія пакутуюць ад вайны
Святы Айцец нагадаў пра пакуты дзяцей, якія перажываюць жахі вайны, і заклікаў вернікаў не забываць маліцца за мір у свеце, асабліва ў Палесціне, Ізраілі і Украіне.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Не будзем забываць пра людзей, пра народы, якія пакутуюць ад няшчасця вайны. Вайна – гэта заўсёды параза. Не будзем забываць пра гэта”, - сказаў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якую правёў 20 снежня 2023 года ў Ватыкане.
Пантыфік нагадаў, што ад вайны выігрываюць выключна вытворцы зброі, а таксама заклікаў памятаць пра Палесціну, Ізраіль і змучаную Украіну. Ён асаблівым чынам прывітаў пасла Украіны пры Апостальскай Сталіцы Андрэя Юраша, які браў удзел у аўдыенцыі.
“І падумаем пра дзяцей, якія перажываюць вайну, пра тое, што яны бачаць. Давайце прыйдзем да бэтлеемскіх ясляў і папросім Езуса аб міры. Ён – Валадар супакою”, - дадаў Святы Айцец.
20 снежня 2023, 11:43