Пантыфік на Іспанскай плошчы: наш лёс – не вайна, а мір

Святы Айцец папрасіў Маці Божую скіраваць свае міласэрныя вочы на ўсе народы свету, прыгнечаныя несправядлівасцю і беднасцю, а таксама змучаныя вайной.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

8 снежня 2023 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа здзейсніў традыцыйны візіт да скульптуры Маці Божай на Іспанскай плошчы ў Рыме, дзе правёў багародзічную малітву. Перад гэтым ён наведаў рымскую базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ахвяраваў залатую ружу для абраза Маці Божай Збаўленне рымскага народа – Salus Populi Romani.

“Беззаганная Панна, мы прыходзім да сябе з сэрцам, падзеленым паміж надзеяй і трывогай. Мы маем у Цябе патрэбу, Маці наша!”, - пачаў малітву Святую Айцец. Ён падзякаваў Багародзіцы за чуванне над жыхарамі Вечнага горада: над сем’ямі, месцамі працы і вучобы, дзяржаўнымі ўстановамі, шпіталямі, турмамі, над бяздомнымі, парафіямі і ўсімі супольнасцямі Касцёла ў Рыме.

“Твая асоба, факт Твайго існавання, нагадвае нам, што зло не мае апошняга слова; што наш лёс – гэта не смерць, а жыццё, не нянавісць, а братэрства, не канфлікт, а гармонія, не вайна, а мір”, - сказаў Папа, просячы Маці Божую скіраваць свае міласэрныя вочы на ўсе народы, прыгнечаныя несправядлівасцю і беднасцю, а таксама змучаныя вайной. “Паглядзі на шматпакутны ўкраінскі народ, на палесцінскі народ і на ізраільскі народ, якія зноў пагрузіліся ў спіраль насілля”, - дадаў ён.

Святы Айцец згадаў пра спакутаваных маці: якія аплакваюць сваіх дзяцей, забітых у выніку вайны ці тэрарыстычных актаў; якія бачаць сваіх дзяцей, што вырушаюць у адчайныя падарожжы ў пошуку надзеі; якія спрабуюць выратаваць сваіх дзяцей з путаў залежнасцяў; якія чуваюць над сваімі дзецьмі падчас іх доўгіх і цяжкіх хваробаў.

Францішак даручыў апецы Багародзіцы жанчын, якія сталі ахвярамі насілля, а таксама іх блізкіх. “Дапамажы нам прайсці шляхам выхавання і ачышчэння, прызначаючы і змагаючы гвалт, які пасяліўся ў нашых сэрцах і думках, і просячы Бога, каб вызваліў нас ад яго”, - сказаў Папа.

“Пакажы нам, о Маці, шлях навяртання, бо няма міру без прабачэння і няма прабачэння без пакаяння. Свет змяняецца, калі змяняюцца сэрцы; і кожны павінен сказаць: пачынаючы з майго. Але чалавечае сэрца можа змяніць толькі Бог сваёй ласкай, у якую Ты, Марыя, занурылася ад самага пачатку. Гэта ласка Езуса Хрыста, нашага Пана, якога Ты нарадзіла ў целе, які дзеля нас памёр і ўваскрос, і на якога Ты заўсёды ўказваеш нам. Ён – збаўленне для кожнага чалавека і свету. Прыйдзі, Пане Езу! Няхай прыйдзе Тваё валадарства любові, справядлівасці і міру! Амэн”, - завяршыў малітву Пантыфік.
 

08 снежня 2023, 16:38