Францішак падчас візіту ў базіліку Санта-Марыя-Маджорэ. Архіўнае фота (8 снежня 2021 года) Францішак падчас візіту ў базіліку Санта-Марыя-Маджорэ. Архіўнае фота (8 снежня 2021 года)  (Vatican Media)

Папа ахвяруе залатую ружу галоўнаму марыйнаму абразу Рыма

8 снежня 2023 года Францішак наведае базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб ахвяраваць залатую ружу Маці Божай, якая ўшаноўваецца ў гэтай святыні ў іконе Salus Populi Romani – Збаўленне рымскага народа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кароткая цырымонія пройдзе перад традыцыйным візітам Святога Айца на рымскую Іспанскую плошчу з нагоды ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Залатая ружа, як сімвал папскага благаслаўлення, ушанавання і ўдзячнасці, мае старажытныя карані і бярэ свой пачатак у сярэднявеччы. На працягу стагоддзяў пантыфікі ахвяроўвалі гэты асаблівы дар манастырам, санктуарыям, манархам і выбітным асобам на знак прызнання іх адданасці веры і агульнаму дабру.

Дорачы залатую ружу абразу Salus Populi Romani “падкрэсліваецца духоўная важнасць і глыбокае значэнне гэтай іконы ў жыцці Каталіцкага Касцёла”, - гаворыцца ў паведамленні базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. Падкрэсліваецца, што гэта святыня з’яўляецца самым старажытным заходнім санктуарыем, прысвечаным Багародзіцы.

Францішак стане трэцім Папам у гісторыі, які ахвяруе залатую ружу абразу Salus Populi Romani. Упершыню такі дар зрабіў у 1551 годзе Юлій ІІІ, глыбока адданы гэтай іконе. Менавіта ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ гэты Пантыфік цэлебраваў сваю першую Імшу. Другую залатую ружу іконе Salus Populi Romani ахвяраваў у 1613 годзе Павел V. Нагодай стала перанясенне абраза ў новую капліцу, спецыяльна зробленую для яе.

На жаль, гэтыя дзве ружы на захаваліся да нашых дзён. Лічыцца, што яна маглі згубіцца падчас напалеонаўскага нашэсця на Папскую дзяржаву ў 1797 годзе. Аднак, праз 400 гадоў пасля тых падзей, Францішак вырашыў даць бачны знак свайго ўшанавання марыйнай іконы, умацоўваючы таксама старажытную сувязь паміж Каталіцкім Касцёлам і Рымам.

“Дар залатой ружы выражае глыбокую сувязь Папы Францішка з Маці Божай, якую ў гэтым санктуарыі ўшаноўваюць пад тытулам Salus Populi Romani. Божы народ зможа яшчэ больш умацавацца ў сваёй духоўнай і пабожнай лучнасці з Найсвяцейшай Паннай Марыяй. У Яе мы просім аб дары міру для ўсяго свету”, - пракаментаваў падзею арцыбіскуп Раландас Макрыцкас, Надзвычайны ўпаўнаважаны па справах базілікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме.
 

05 снежня 2023, 09:09