Францішак: бэтлеемскія яслі – школа прастаты і крыніца радасці

Бэтлеемскія яслі ўзніклі, каб вярнуць нас да таго, што важнае: да Бога, які прыходзіць, каб пасяліцца сярод нас, - адзначыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якую правёў 20 снежня 2023 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“800 гадоў таму, на Божае Нараджэнне 1223 года, святы Францішак Асізскі зрабіў у Грэча першую жывую стаенку. У той час калі ў дамах і многіх іншых месцах устанаўліваюцца ці ўжо ўстаноўлены бэтлеемскія яслі, нам будзе карысна зноў адкрыць для сябе іх вытокі”, - сказаў на пачатку катэхезы Пантыфік.

Папа спаслаўся на Тамаша Чэланскага, які пісаў, што Святы з Асізі хацеў паказаць усім, у якой нястачы Езус нарадзіўся у Бэтлееме, як Яго паклалі ў яслі паміж быком і аслом. “Францішак не хацеў рабіць прыгожы твор мастацтва, але хацеў праз стаенку абудзіць здзіўленне надзвычайнай пакорай Пана, цяжкасцямі, якія Ён зведаў з любові да нас у беднай бэтлеемскай гроце”, - сцвердзіў Святы Айцец, нагадваючы, што “ў гэтай кранальнай сцэне ззяе евангельская прастата, праслаўляецца беднасць, апавядаецца пра пакору”.

“Стаенка ўзнікла як школа прастаты”, а яе пасланне актуальнае ў нашыя дні. “Рызыка згубіць тое, што важнае ў жыцці, сёння з’яўляецца вялікай, і парадаксальным чынам яна павялічваецца менавіта перад Божым Нараджэннем”, бо спажывецтва адцягвае ўвагу ад самага істотнага і пазбаўляе свята яго прастаты, - папярэдзіў Папа. “Бэтлеемскія яслі ўзніклі, каб вярнуць нас да таго, што важнае: да Бога, які прыходзіць, каб пасяліцца сярод нас”, а таксама да іншых важных адносін: з членамі сям’і і блізкімі людзьмі, - дадаў ён, нагадваючы, што людзі заўсёды павінны быць важней за рэчы.

Францішак заўважыў, што згодна са словамі біёграфа Асізскага Бедняка, бэтлеемскія яслі ў Грэча сталі крыніцай вялікай радасці. Гаворка ідзе пра радасць, якая перапаўняе сэрца, бо нараджаецца ў выніку сустрэчы з блізкасцю і ласкавасцю Бога, які прыходзіць, каб суцешыць нас. “Блізкасць, ласкавасць і спагада – тры паставы Бога. Гледзячы на стаенку, молячыся перад стаенкай, мы можам адчуць гэтыя рысы Пана, якія дапамагаюць нам у штодзённым жыцці”, - запэўніў Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры, бэтлеемскія яслі – быццам маленькая студня, з якой можна чэрпаць блізкасць Бога, крыніца надзеі і радасці. Стаенка – быццам жывое, хатняе Евангелле. Яна, як студня ў Бібліі – месца сустрэчы, куды можна прынесці Езусу жыццёвыя чаканні і турботы, як зрабілі пастухі і жыхары Грэча... Калі мы перад стаенкай даверым Езусу тое, што носім у сэрцы, таксама адчуем “вялікую радасць”, якая паходзіць з сузірання, духа здзіўлення, з якім углядаемся ў гэтыя таямніцы. Пойдзем жа да стаенкі! Няхай кожны ўглядаецца ў яе і адчуе нешта ў сэрцы”, - заахвоціў Папа на заканчэнне катэхезы.
 

20 снежня 2023, 10:35

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >