Пошук

Папа: Божы дар узрастае ў нас праз штодзённую вернасць у добрым

З пакорай апавядаць пра Божыя дары, якія атрымалі, а не толькі пра штодзённыя праблемы, - заклікаў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якую правёў 8 снежня 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак нагадаў, што ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Евангелле распавядае пра Звеставанне, паказваючы дзве рысы Маці Божай, якія дапамагаюць зразумець, якім чынам Яна захоўвала выключны дар, што атрымала – сэрца, цалкам свабоднае ад граху: гаворка ідзе пра Яе здольнасць здзіўляцца Божым справам і быць вернай у малым.

Папа заўважыў, што, пачуўшы прывітанне анёла: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”, Марыя “збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне”.

“Яна была здзіўлена, збянтэжана, усхвалявана: здзівілася, калі была названа “поўнай ласкі”, гэта значыць “напоўненай Божай любоўю”, - сказаў Пантыфік. Ён падкрэсліў важнасць умення здзіўляцца Божым дарам, цаніць іх каштоўнасць і цешыцца даверам і ласкавасцю, якія яны прыносяць. “А таксама важна даваць сведчанне гэтага здзіўлення перад іншымі, кажучы з пакорай пра Божыя дары, пра атрыманае дабро, а не толькі пра штодзённыя праблемы”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Гаворачы пра другую рысу Багародзіцы – вернасць у малым – Францішак нагадаў, што Яна была простай дзяўчынай, на першы погляд падобнай да іншых жыхарак Назарэту, але якая, дзякуючы сваёй прастаце, захавала чыстым сваё Беззаганнае Сэрца. “Таксама і гэта важна, бо, каб прыняць вялікія Божыя дары важна быць здольнымі цаніць дары больш звычайныя і менш бачныя”, - дадаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што “менавіта праз штодзённую вернасць у добрым Багародзіца дазволіла Божаму дару ўзрастаць у Ёй; такім чынам Яна трэніравалася адказваць Пану, казаць Яму “так” усім сваім жыццём”.

“Давайце жа спытаемся ў сябе: ці лічу я важнай вернасць Богу ў штодзённых сітуацыях і на духоўным шляху? І калі так, ці знаходжу час, каб чытаць Евангелле, маліцца, удзельнічаць у Эўхарыстыі і прымаць сакрамэнтальнае прабачэнне, рабіць нейкія канкрэтныя жэсты бескарыслівага служэння? Гэтыя малыя штодзённыя жэсты вельмі важныя для прыняцця прысутнасці Пана”, - сказаў Францішак, заклікаючы памаліцца, каб “Беззаганная Марыя дапамагла нам здзіўляцца дарам Бога і кожны дзень адказваць Яму з вернай шчодрасцю”.
 

08 снежня 2023, 12:37

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >