Папа да дзяцей: аб'яднайце сяброўствам і пяшчотай неба і зямлю

Любіць Бога і любіць адно аднаго – толькі такім чынам свет знойдзе патрэбнае святло і спакой, - заўважыў Папа 15 снежня 2023 года падчас сустрэчы дзецьмі з італьянскай Каталіцкай акцыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Божае Нараджэнне нагадвае нам аб тым, што Бог любіць нас і хоча быць з намі. Таму Езус нарадзіўся, стаў малым, жыў у сям’і з Марыяй і Юзафам і працягвае прысутнічаць побач з намі і ў кожным з нас: таму што Ён любіць нас, Ён з’яўляецца нашым сябрам. Гэта выдатны падарунак. І гэта прыносіць з сабой яшчэ адно: мы таксама можам любіць адно аднаго як браты. Як жа гэта патрэбна нам сёння! Шмат народаў, шмат дзяцей пакутуе з прычыны вайны!” - заўважыў Францішак.

Ён папрасіў дзяцей не забывацца, колькі іх равеснікаў загінулі ў апошнія месяцы ў выніку баёў: у Газе – гэта тры тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, ва Украіне – больш за пяцьсот, у Емене, за гады вайны, – тысячы.

“Іх памяць заклікае нас заставацца святлом для свету, дакрануцца да сэрцаў многіх людзей, асабліва тых, хто можа спыніць віхор насілля. Любіць Бога і любіць адно аднаго: толькі такім чынам свет знойдзе патрэбнае святло і спакой, як спявалі анёлы ў Бэтлееме (Лк 2, 14). Любіце Бога і іншых: у сям’і, у парафіі, у школе і на шляхах, па якіх вы штодня ходзіце, каб дапамагчы кожнаму паверыць, што яшчэ можна змяніць курс, выбраць жыццё і вярнуцца да надзеі”, - заклікаў сваіх гасцей Святы Айцец.

Ён звярнуў увагу і на неабходнасць любові да стварэння. “Бог заклікае нас распазнаваць і паважаць прыгажосць, якая нас акружае, у прыродзе і ў людзях, і такім чынам узрастаць у зносінах і братэрстве”, - сказаў Францішак.

“Дарагія дзеці, падчас Божага Нараджэння Бог паказвае нам сваю любоў і запрашае нас любіць: Яго, іншых і стварэнне. Давайце ж адкажам на Яго запрашэнне, аб'яднаўшы сваім сяброўствам і пяшчотай неба і зямлю ў адных вялікіх абдымках! Віншую вас, вашыя сем'і і ўсю Каталіцкую акцыю з Божым Нараджэннем. Благаслаўляю вас і прашу, калі ласка, маліцца за мяне”, - завяршыў свой зварот Папа.
 

15 снежня 2023, 11:57