Пошук

Аўдыенцыя для супрацоўнікаў Сакратарыята па эканамічных пытаннях, 13 лістапада 2023 года Аўдыенцыя для супрацоўнікаў Сакратарыята па эканамічных пытаннях, 13 лістапада 2023 года  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа да ватыканскіх эканамістаў: шлях рэформаў не скончаны

“Дасягненні не павінны прымушаць нас думаць, што шлях эканамічных рэформаў завершаны. Наадварот, ён толькі пачаўся”, - гаворыцца ў лісце Францішка да супрацоўнікаў Сакратарыята па эканоміцы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На прыватнай аўдыенцыі з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі Сакратарыята па эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы, якая прайшла 13 лістапада 2023 года, Святы Айцец абвясціў аб тым, што плануе даслаць ім ліст. Дакумент, датаваны 24 лістапада 2023 года, быў неўзабаве перададзены прэфекту і апублікаваны на сайце Сакратарыята.

Папа падзякаваў эканамістам за іх далікатнае і складанае служэнне, адзначыўшы, што азіраючыся назад, не можа не бачыць шматлікія поспехі, якія былі дасягнуты. Аднак “тое, што было зроблена, не павінна прымушаць нас думаць, што шлях эканамічных рэформаў скончаны. Наадварот, ён толькі пачаўся", - напісаў Францішак, заклікаючы Сакратарыят па эканоміцы спрыяць пераменам да лепшага.

Папа заахвоціў эканамістаў кіравацца ў сваёй дзейнасці такімі цнотамі, як вернасць місіі і разважлівасць, садзейнічаць рэалізацыі ініцыятыў, накіраваных на агульнае дабро. Калі ж індывідуальныя інтарэсы пераважаюць над калектыўнымі, правілы парушаюцца або штучна абыходзяцца для дасягнення мэтаў, не звязаных з інтарэсамі Святога Пасада і Касцёла, неабходна заўсёды казаць не, - дадаў Францішак, заклікаючы супрацоўнікаў Сакратарыята па эканоміцы “ніколі не станавіцца саўдзельнікамі” і не заплюшчваць вочы на парушэнні.

"Неабходна набрацца смеласці і адказна падысці да выбару, нават калі ён будзе непапулярным", - параіў Пантыфік. Кожны год у Святым Пасадзе мае месца значны дэфіцыт. Фактычна, усё працуе на місію Касцёла, крыніцы фінансавання абмежаваныя. Але дэфіцыт азначае, што частка маёмасці знікае, а гэта ставіць пад пагрозу будучыню. Неабходна змяніць сітуацыю, - лічыць Святы Айцец.

“Трэба ўсвядоміць на ўсіх узроўнях нашай супольнасці: мы ўсе адказныя за захаванне маёмасці, каб гарантаваць неабходныя рэсурсы для працягу нашага шляху і для тых, хто прыйдзе пасля нас", - сцвердзіў Папа, заклікаючы эканамістаў клапаціцца пра маёмасць Святога Пасада, эканоміць і старанна інвеставаць яе згодна з этычнымі нормамі.

13 снежня 2023, 12:57