Папа: перад бэтлеемскімі яслямі падумаем пра драму Святой Зямлі

9 снежня 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыі з італьянскіх Рыеці і Макры, адкуль сёлета былі дастаўлены на плошчу святога Пятра бэтлеемскія яслі і святочная ёлка.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік адзначыў, што стаенка, якая будзе ўпрыгожваць галоўную ватыканскую плошчу, нагадвае пра атмасферу Божага Нараджэння 1223 года ў Рэацінскай даліне, дзе спыняўся святы Францішак Асізскі. “У яго думках яшчэ быў жывы ўспамін пра падарожжа ў Святую Зямлю, а пячора ў Грэча нагадала бэтлеемскі краявід”, - сказаў Папа, заўважаючы, што менавіта тут святы з дапамогай сваіх паплечнікаў і мясцовага люду стварыў жывыя калядныя яслі, даўшы пачатак традыцыі батлейкі, як мы разумеем яе сёння.

“Такім чынам сёлета на плошчы святога Пятра мы будзем думаць пра Грэча, якое, у сваё чаргу, скіроўвае нас у Бэтлеем. І сузіраючы Езуса, Бога, які стаў чалавекам, малога, беднага, безабароннага, мы не можам не думаць пра драму, якую перажываюць жыхары Святой Зямлі, выяўляючы гэтым нашым братам і сёстрам, асабліва дзецям і іх бацькам, нашу блізкасць і нашу духоўную падтрымку. Гэта яны па-сапраўднаму плоцяць кошт вайны”, - дадаў Францішак.

Кожная калядная стаенка нагадвае пра тое, што адбылося ў Бэтлееме больш за дзве тысячы гадоў таму і гэта павінна абуджаць у нас тугу па цішыні і малітве, - зазначыў Святы Айцец, дадаючы, што цішыня дапамагае пачуць тое, што Езус прамаўляе са сваёй выключнай “катэдры”, якой з’яўляюцца яслі, а малітва – выразіць пяшчоту, здзіўленне, а магчыма і слёзы, якія сцэна Божага Нараджэння выклікае ў нас. “І ва ўсім гэтым прыкладам для нас з’яўляецца Марыя: Яна не кажа нічога, але сузірае і пакланяецца”, - нагадаў Папа.

Гаворачы пра калядную ёлку, якая ўстаноўлена на плошчы святога Пятра побач з яслямі, Францішак заклікаў памятаць пра важнасць клопату пра наш супольны дом. “Малыя жэсты вельмі важныя для экалагічнага навяртання, жэсты павагі і ўдзячнасці за Божыя дары”, - дадаў Святы Айцец.
 

09 снежня 2023, 12:09