Папа праводзіць малітву Анёл Панскі з акна Апостальскага палаца Папа праводзіць малітву Анёл Панскі з акна Апостальскага палаца 

Папа заклікаў да міру і павагі правоў чалавека ва ўсім свеце

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 10 снежня 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак скіраваў некалькі заклікаў у сувязі з актуальнымі міжнароднымі праблемамі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, 75 гадоў таму, 10 снежня 1948 года, была падпісана Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Яна з’яўляецца магістраллю, на якой было зроблена шмат крокаў наперад, але застаецца яшчэ вельмі шмат, а часам, на жаль, мы вяртаемся назад. Намаганні на карысць абароны правоў чалавека не спыняюцца ніколі. Таму я блізкі ўсім, хто без лішніх слоў, у сваім штодзённым, канкрэтным жыцці, змагаецца і плаціць асабіста за абарону правоў тых, з кім не лічацца”, - сказаў Папа.

Францішак выказаў радасць з прычыны вызвалення значнай колькасці армянскіх і азербайджанскіх палонных. “Я з вялікай надзеяй гляджу на гэты пазітыўны знак для адносін паміж Арменіяй і Азербайджанам, для міру на Паўднёвым Каўказе. Я заклікаю бакі і іх лідараў як мага хутчэй заключыць мірны дагавор”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што праз некалькі дзён завершыцца кліматычны саміт ААН у Дубаі. “Прашу вас маліцца, каб былі дасягнуты добрыя вынікі ў клопаце пра наш супольны дом і абарону чалавецтва”, - заклікаў Папа.

Францішак заахвоціў таксама працягваць маліцца за народы, якія пакутуюць ад вайны. “Набліжаецца Божае Нараджэнне: ці будзем мы здольныя з Божай дапамогай здзейсніць канкрэтныя крокі ў кірунку міру? Мы ведаем, што гэта нялёгка. Некаторыя канфлікты маюць глыбокія гістарычныя карані. Але ў нас ёсць сведчанне мужчын і жанчын, якія мудра і цярпліва працавалі на карысць мірнага суіснавання. Будзем ісці за іх прыкладам! Давайце прыкладзём усе намаганні, каб заняцца прычынамі канфліктаў і вырашыць іх. Гаворачы пра правы чалавека – няхай будуць абаронены мірныя жыхары, шпіталі, месцы культу, няхай будуць вызвалены заложнікі і гарантавана гуманітарная дапамога. Не будзем забываць пра змучаныя Украіну, Палесціну, Ізраіль”, - сказаў Святы Айцец.
 

10 снежня 2023, 13:07