Папа: не ўступаць у дыялог з д’яблам і быць ахоўнікамі свайго сэрца

Заганы і цноты – гэтай тэме прысвечаны новы катэхетычны цыкл, з якім Папа пачаў знаёміць вернікаў падчас агульнай аўдыенцыі 27 снежня 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Ва ўступнай катэхезе Святы Айцец звярнуўся да першых раздзелаў біблійнай кнігі Быцця, якая “праз гісторыю прабацькоў, паказвае дынаміку зла і спакус”: у “ідылічнай карціне”, прадстаўленай Эдэнскім садам, з’яўляецца “персанаж, які становіцца сімвалам спакусы” – змей, “каварная жывёла, якая рухаецца павольна, поўзаючы па зямлі, і часам мы нават не заўважаем яго прысутнасці, бо ён добра ўмее маскіравацца пад асяроддзе”.

Францішак заўважыў, што ў размове з Адамам і Евай змей выяўляецца таксама “вытанчаным дыялектыкам”. “Ён пачынае з хітрага пытання: “Ці сапраўды сказаў Бог: “Не ешце з ніякага дрэва ў раі?”. Гэты выраз ілжывы: Бог, насамрэч, даў мужчыне і жанчыне ўсе плады саду, акрамя аднаго дакладнага дрэва: дрэва пазнання дабра і зла. Гэта забарона не мае на мэце забараніць чалавеку карыстацца розумам, як часам няправільна інтэрпрэтуецца, але з’яўляецца мерай мудрасці. Гэта як сказаць: прызнай межы, не адчувай сябе гаспадаром усяго, таму што пыха – пачатак усякага зла. Такім чынам, гісторыя кажа, што Бог ставіць прабацькоў гаспадарамі і ахоўнікамі стварэння, але хоча захаваць іх ад прэтэнзіі на ўсемагутнасць, ад ператварэння ў гаспадароў дабра і зла. Гэта спакуса – найбольш небяспечная для чалавечага сэрца”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што Адам і Ева не змаглі выстаяць перад спакусай змея: у іх розум закралася ідэя пра тое, што Бог не вельмі добры і хоча трымаць іх у падпарадкаванні, і ад гэтага рухнула ўсё.

“З дапамогай гэтых апавяданняў, Біблія тлумачыць нам, што зло не з’яўляецца ў чалавеку гучна, калі ўчынак становіцца бачным, але значна раней, калі чалавек пачынае размаўляць з ім, песціць яго ва ўяўленні і думках, пакуль не апынаецца ў пастцы яго ліслівасці. Забойства Абэля не пачалося з кінутага каменя, але з крыўды, якую затаіў Каін, ператварыўшы яе ў пачвару ўнутры сябе”, - нагадаў Папа.

“Дарагія браты і сёстры, з д’яблам нельга ўступаць у дыялог ніколі! Ніколі нельга дыскутаваць з ім. Езус ніколі вёў размоваў з д’яблам, а праганяў яго прэч. Падчас спакушэння ў пустыні, Ён не адказаў яму дыялогам, а толькі словамі Святога Пісання, Божым словам. Будзьце пільнымі: д’ябал – спакусіцель. Ніколі не размаўляйце з ім, бо ён хітрэйшы за ўсіх нас і прымусіць нас расплачвацца. Калі прыходзіць спакусіцель, не ўступайце з ім у дыялог ніколі. Зачыняйце дзверы, зачыняйце акно, зачыняйце сэрца. Так мы можам абараніцца ад гэтай спакусы, бо д’ябал хітры і разумны. Ён спрабаваў спакусіць Езуса біблійнымі цытатамі. Рабіў выгляд вялікага тэолага”, - папярэдзіў Францішак.

“Трэба быць ахоўнікамі ўласнага сэрца”, - дадаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў прасіць у малітве аб ласцы захавання ад спакусаў злога. “Няхай Пан дапаможа нам у гэтай працы. Той, хто ахоўвае сэрца, ахоўвае скарб. Браты і сёстры, давайце навучымся ахоўваць сэрца”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

27 снежня 2023, 10:05

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >