Святы Айцец урачам: ставіць асобу ў цэнтр дзейнасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
18 снежня 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю каталіцкага шпіталя імя Франчэска Міулі з італьянскага горада Аквавіва-дэле-Фонці. Медыцынская ўстанова знаходзіцца ў рэгіёне Апулія і з’яўляецца месцам, дзе, па словах Папы, “хрысціянскае натхненне злучаецца з прафесіяналізмам і клінічнымі і тэхналагічнымі інавацыямі”.
Пантыфік заклікаў сваіх гасцей ставіць асобу ў цэнтр усёй сваёй дзейнасці. “Ваша бальніца вельмі старажытная, яна была заснавана дзевяць стагоддзяў таму, як “шпіталь для хворых бедных”, гэта значыць як гасціннае і бяспечнае месца, у якім людзі, якія пакутуюць, могуць знайсці прытулак і дапамогу. Намагайцеся быць вернымі высілкам вашых папярэднікаў, працягваючы ставіць у цэнтр вашай працы “хворых бедных”, а ў іх – Езуса, які сказаў нам: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”, - заклікаў урачоў Святы Айцец.
Францішак высока адзначыў пастаяннае пашырэнне і мадэрнізацыю структур шпіталя, выказваючы асаблівую радасць з той прычыны, што ў супрацоўніцтве з дыяцэзіяльным Caritas пры ім была створана паліклініка для мігрантаў. “Гэта цудоўна і сведчыць пра дух, з якім вы выконваеце ваша служэнне”, - дадаў ён.
Папа заўважыў, што на працягу многіх дзесяцігоддзяў шпіталь садзейнічае навуковым даследаванням праз супрацоўніцтва са шматлікімі італьянскімі ўніверсітэтамі, а два гады таму стаў універсітэцкай клінікай, якая прапануе курс магістратуры па медыцыне і хірургіі. Ён заўважыў, што гэта дазволіць супрацоўнікам клінікі выконваць служэнне, важнае для навукі і аказання медыцынскай дапамогі на ўласнай тэрыторыі, а таксама дасць магчымасць не эміграваць лепшым інтэлектуальным сілам і будзе заахвочваць іншых прафесіяналаў высокага ўзроўню прыязджаць працаваць у Італію, што паспрыяе абмену ведамі і досведам з вельмі шырокімі перспектывамі.