Пошук

Анёл Панскі: вучыцца любові, якая культывуецца ў цішыні

“Сваім маўчаннем і пакорай Марыя з’яўляецца першай катэдрай Бога, месцам, дзе Ён і чалавек могуць сустрэцца”, - адзначыў Папа 1 студзеня 2024 года ў разважанні перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на Евангелле ўрачыстасці святой Багародзіцы Марыі, “якое адкрывае нам, што веліч Марыі не ў тым, што Яна здзейсніла нейкі незвычайны ўчынак; наадварот, пакуль пастухі, атрымаўшы вестку ад анёлаў, спяшаюцца ў Бэтлеем (Лк 2, 15-16), яна маўчыць”.

“Маўчанне маці – выдатная рыса. Гэта не простая адсутнасць слоў, але маўчанне, напоўненае захапленнем і пакланеннем перад цудамі, якія чыніць Бог. “Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім” (2, 19), - адзначае святы Лука. Такім чынам яна вызваляе ў сабе месца для Таго, хто нарадзіўся; у маўчанні і адарацыі Яна ставіць Езуса ў цэнтр і сведчыць аб Ім як Збаўцы”, - заўважыў Пантыфік.

Ён патлумачыў, што Марыя “з’яўляецца Маці не толькі таму, што насіла Езуса ў сваім улонні і нарадзіла Яго, але таму, што выводзіць Яго на свет, не займаючы Яго месца”. “Яна будзе маўчаць нават пад крыжам, у самую змрочную гадзіну, і працягне вызваляць месца для Яго і спараджаць Яго для нас”, - дадаў Папа.

Святы Айцец спаслаўся на паэта ХХ стагоддзя (D.M. TUROLDO, Laudario alla Vergine. Via pulchritudinis, Bologna 1980, 35), які назваў Багародзіцу “катэдрай маўчання”. “Сваім маўчаннем і пакорай Марыя з’яўляецца першай катэдрай Бога, месцам, дзе Ён і чалавек могуць сустрэцца”, - звярнуў увагу Папа.

Ён дадаў, што “і нашы маці з іх прыхаваным клопатам, з іх уважлівасцю часта бываюць цудоўнымі катэдрамі цішыні”; “яны прыводзяць нас у свет, а потым працягваюць ісці за намі, часта незаўважнымі, каб мы маглі расці. Давайце памятаць пра гэта: любоў ніколі не душыць, любоў робіць месца для іншага і дазваляе яму расці”.

Францішак заклікаў у пачатку Новага года глядзець на Марыю, а таксама на ўсіх маці, вучыцца ў іх той любові, “якая культывуецца перш за ўсё ў цішыні, якая ўмее даць месца іншым, паважаючы іх годнасць, пакідаючы свабоду самавыяўлення, адпрэчваючы ўсе формы панавання, прыгнёту і гвалту”.

На думку Папы, сёння, калі свабода і мірнае суіснаванне знаходзяцца пад пагрозай, калі людзі паддаюцца спакусе эгаізму, карысталюбства, нажывы і прагі ўлады, у гэтым існуе вялікая патрэба. Любоў, нагадаў ён, “складаецца з павагі і дабрыні – яна разбурае бар’еры і дапамагае жыць братэрскімі адносінамі, будаваць больш справядлівае і гуманнае, больш мірнае грамадства”.

“Памолімся да Маці Божай і нашай Маці, каб у Новым годзе мы ўзрасталі ў гэтай далікатнай, маўклівай і стрыманай любові, якая спараджае жыццё, і адкрывае ў свеце шляхі міру і згоды”, - заахвоціў Францішак, запрашаючы вернікаў да малітвы Анёл Панскі.
 

01 студзеня 2024, 12:25

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >