Пошук

Анёл Панскі: сцерагчыся ланцугоў зла, якія скоўваюць душу

Захоўваць душу ад ланцугоў зла, такіх як залежнасці, мода, спакусы, страх, варожасць і пакланенне ідалу ўлады, заклікаў Папа падчас малітвы Анёл Панскі, якую правёў 28 студзеня 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Сённяшняе Евангелле знаёміць нас з Езусам, які вызваляе чалавека, апанаванага нячыстым духам (пар. Мк 1, 21-28). Так дзейнічае д'ябал, так дзейнічае дэман: ён хоча авалодаць намі, каб скаваць нашы душы. Скаваць нашы душы – вось чаго жадае д'ябал. Мы павінны сцерагчыся ланцугоў, якія душаць нашу свабоду. Д'ябал заўсёды пазбаўляе свабоды. Давайце паспрабуем назваць некаторыя з гэтых ланцугоў, якія могуць скаваць нашы сэрцы”, - прапанаваў Святы Айцец.

На думку Папы, да такіх ланцугоў адносяцца залежнасці, якія ператвараюць нас у рабоў і паглынаюць энергію, маёмасць і блізкія адносіны, а таксама мода, якая вядзе да перфекцыянізму, спажывецтву і геданізму, ператварае людзей у тавар і псуе адносіны. Да ланцугоў адносяцца спакусы і абумоўліванне, якія падрываюць самаацэнку, спакой і здольнасць выбіраць і любіць жыццё. Да іх адносіцца страх, які прымушае глядзець у будучыню з песімізмам, і непрыязнасць, якая заўсёды перакладае віну на іншых, пакланенне ідалу ўлады, якое спараджае канфлікты і вядзе да выкарыстання зброі, забівае або прыводзіць да эканамічнай несправядлівасці і маніпулявання думкай.

“Езус прыйшоў, каб вызваліць нас ад усіх гэтых ланцугоў. І сёння, на выклік д'ябла: "Што Табе да нас [...]? Ты прыйшоў загубіць нас?", адказвае: " Змоўкні і выйдзі з яго!" (Мк 1, 24-25). Езус вызваляе ад зла і – заўважце – ніколі не размаўляе з д'яблам! Мы ж, наадварот, часта дазваляем яго ланцугам зацягнуць нас, пакуль яны не прычыняць занадта шмат болю, але так цяжэй пазбавіцца ад іх. Хрыстус кажа нам, што з д'яблам нельга дамаўляцца”, - папярэдзіў Пантыфік.

Што ж рабіць, калі нас скоўваюць гэтыя ланцугі зла, страху, спакусы? “Заклікаць Езуса”, - параіў Папа. “Пан, сілай свайго Духу, і сёння паўтарыць нячыстаму: "Сыходзь, пакінь гэта сэрца ў спакоі, не падзяляй свет, сем'і, нашы супольнасці. Хай яны жывуць мірна, каб у іх квітнеў плён майго Духу, а не твайго. Каб між імі панавалі любоў, радасць, лагоднасць, каб замест гвалту і крыкаў нянавісці былі свабода і мір”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў вернікаў спытаць сябе: ці сапраўды я жадаю свабоды ад ланцугоў, якія сціскаюць маё сэрца? Ці магу я сказаць не спакусам зла, перш чым яны пранікнуць у маю душу? Нарэшце, ці заклікаю я Езуса, ці дазваляю Яму дзейнічаць ува мне, каб вылечыць мяне?

“Няхай Святая Дзева захоўвае нас ад зла”, - завяршыў сваё нядзельнае разважанне Пантыфік.

28 студзеня 2024, 12:20

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >