Францішак сустрэўся з італьянскімі кааператарамі

Дапамагаць кожнаму рабіць нешта для іншых – значыць жыць дабрачыннасцю, актыўнай любоўю, - нагадаў Папа 5 студзеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ён прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў Unicoop Firenze і Фонда Il cuore si scioglie (Сэрца растае), які дзейнічае пры гэтым буйным італьянскім таварыстве спажывецкай кааперацыі.

Францішак падзякаваў сваім гасцям за дапамогу людзям, якія жывуць у фінансавай, культурнай, чалавечай, адукацыйнай нястачы, “выкарыстоўваючы, акрамя звычайных сродкаў фінансавай і харчовай дапамогі, мноства іншых інструментаў, такіх як паходы, літаратура, мастацтва і музыка”.

Ён заўважыў, што італьянскія кааператары, “разглядаючы абарону спажыўцоў вышэй за просты камерцыйны аспект”, “прыйшлі да разумення фундаментальнага чалавечага вымярэння: дапамагаць кожнаму рабіць нешта для іншых – значыць жыць дабрачыннасцю, актыўнай любоўю”.

“Памятайце, што праца на карысць чалавека азначае не толькі клопат аб нейкіх сваіх сектаральных інтарэсах, але спрыянне асабістай поўнай рэалізацыі і годнасці. І на гэтым узроўні сустрэча паміж тымі, хто мае большыя магчымасці, і тымі, хто жыве ў галечы, не зводзіцца да простай філантропіі, але заўсёды ўяўляе сабой магчымасць для ўзаемнага ўзбагачэння”, - звярнуўся Пантыфік.

Ён пажадаў, каб у сваёй працы кааператары і дабрачынцы “імкнуліся да інтэгральнага развіцця асобы, да росту супольнасці ў сумесным выкарыстанні рэсурсаў і навыкаў, да інклюзіі праз узмацненне таго, што кожны чалавек прыўносіць на карысць усіх”.
 

05 студзеня 2024, 12:17