Пантыфік: любіць – значыць паважаць іншага, а не валодаць ім

Барацьба з заганай пажадлівасці цяжкая і часам можа трываць усё жыццё, але яе варта весці, бо без любові жыццё ператворыцца ў сумную адзіноту, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 17 студзеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак працягнуў катэхетычны цыкл пра заганы і цноты, спаслаўшыся на “старажытных айцоў”, якія вучылі, што “другім “дэманам” пасля неўмеркаванасці, які заўсёды затойваецца пры дзвярах нашага сэрца, з’яўляецца пажадлівасць”. “У той час як неўмеркаванасць з’яўляецца пражэрлівасцю адносна ежы, гэтая загана з’яўляецца пэўнага роду “пражэрлівасцю” адносна іншага чалавека, гэта значыць атручанай повяззю, якую людзі маюць паміж сабой, асабліва ў сферы сексуальнасці”, - патлумачыў ён.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ў хрысціянстве “няма асуджэння сексуальнага інстынкту”, але гэта “цудоўнае вымярэнне нашай чалавечай прыроды не пазбаўлена небяспек”. Ён прывёў словы святога Паўла, які пісаў на гэту тэму Карынцянам: “Паўсюль чуецца, што сярод вас пануе распуста, прычым такая распуста, якой няма нават сярод язычнікаў” (5,1). “Папрок апостала тычыцца менавіта нездаровага кіравання сексуальнасцю некаторымі хрысціянамі”, - заўважыў Святы Айцец.

Папа паставіў у прыклад таямнічы досвед закаханасці. “Калі закаханасць незабруджана заганай, яна з’яўляецца адным з самых чыстых пачуццяў”, - сказаў ён, нагадваючы, што закаханы чалавек становіцца шчодрым, з радасцю робіць падарункі, піша лісты і вершы, перастае думаць толькі пра сябе і скіроўвае ўсю ўвагу на іншага. Францішак адзначыў, што каханне часта з’яўляецца цалкам безумоўным і беспрычынным, а таксама крыху наіўным, бо “закаханы не ведае сапраўднага аблічча іншага, імкнецца ідэалізаваць яго, гатовы рабіць абяцанні, сур’ёзнасці якіх не разумее адразу”. Аднак “гэты “сад”, у якім множацца цуды, не абаронены ад зла. Ён можа быць знявечаны дэманам пажадлівасці, а гэта загана асабліва згубная, прынамсі па дзвюх прычынах”, - папярэдзіў Святы Айцец.

“Перш за ўсё, таму што разбурае адносіны паміж людзьмі. На жаль, для пацвярджэння гэтага дастаткова штодзённых навін. Колькі адносін, якія пачыналіся найлепшым чынам, потым ператварыліся ў таксічныя, у адносіны валодання іншым, у адносіны, пазбаўленыя павагі і пачуцця межаў? Гэта каханне, у якім не хапае чыстасці: цноты, якую не варта блытаць з сексуальным устрыманнем, бо яна з’яўляецца нечым большым і хутчэй звязана з жаданнем ніколі не валодаць іншым. Любіць значыць паважаць іншага чалавека, шукаць яго шчасця, развіваць эмпатыю да яго пачуццяў, пазнаваць цела, псіхалогію і душу, якія не з’яўляюцца нашымі і якія трэба сузіраць з-за прыгажосці, якую яны нясуць у сабе”, - сказаў Папа.

“Пажадлівасць, наадварот, здзекаваецца з усяго гэтага: палюе, рабуе, паспешліва спажывае, не хоча слухаць іншага, а толькі свае патрэбы і задавальненні”, - дадаў Пантыфік, адзначаючы, што хцівы чалавек шукае толькі “кароткіх шляхоў”: ён не разумее, што шляхам любові ідуць не спяшаючыся, і што цярплівасць дазваляе зрабіць адносіны паміж закаханымі шчаслівымі.

Другая прычына, па якой пажадлівасць – гэта небяспечная загана, заключаецца ў тым, што “з усіх чалавечых задавальненняў сексуальнасць мае магутны голас”, закранаючы ўсе пачуцці, бо жыве як у целе, так і ў псіхіцы. Але “калі яна не дысцыплінавана цярплівасцю, калі не ўпісана ў адносіны і ў гісторыю, дзе дзве асобы ператвараюць яе ў танец, напоўнены любоўю, тады яна ператвараецца ў кайданы, што пазбаўляюць чалавека свабоды”, - сказаў Францішак, звяртаючы ўвагу на тое, што “сексуальнаму задавальненню, якое з’яўляецца Божым дарам”, пагражае парнаграфія – “задавальненне без адносін, якое можа выклікаць розныя формы залежнасці”.

“Перамога ў бітве супраць пажадлівасці, супраць адносін да іншага як да рэчы, можа быць справай усяго жыцця. Аднак узнагарода ў гэтай бітве – самая важная з усіх, бо гаворка ідзе пра захаванне той прыгажосці, што Бог уклаў у сваё стварэнне, калі задумаў любоў паміж мужчынам і жанчынай, якая заключаецца не ў выкарыстанні адзін аднаго, але ў любові адзін да аднаго”, - сцвердзіў Папа. Гэта прыгажосць прымушае нас верыць, што будаваць гісторыю разам лепш і ўзрошчваць пяшчоту лепш, чым пакланяцца дэману валодання, а служыць лепш, чым заваёўваць. “Бо калі няма любові, жыццё ператвараецца ў сумную адзіноту”, - падкрэсліў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.
 

17 студзеня 2024, 11:01

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >