Папа святарам-місіянерам: будзьце апосталамі добразычлівасці
Марыя Валодзіна – Vatican News
Кангрэгацыя святароў-місіянераў Валадарства Хрыстова была заснавана айцом Агасціна Джэмэлі 70 гадоў таму, у кастрычніку 1953 года. У апошні час яна папаўняецца ў асноўным афрыканскімі святарамі з Гвінеі, Бурундзі, Руанды і іншых краін. У Бурундзі будуецца адукацыйны цэнтр, які будзе насіць імя біскупа Майкла Кортні, апостальскага нунцыя, забітага ў гэтай краіне ў 2003 годзе. Удзельнікі аўдыенцыі прынеслі Францішку план цэнтра, які знаходзіцца на скалістай вяршыні гары на вышыні 1000 метраў, з выдатным панарамным відам на возера Танганьіка.
Святы Айцец уручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы. У ёй Папа падзякаваў гасцям за сустрэчу і магчымасць падкрэсліць значэнне свецкасці ў жыцці і служэнні святароў. Свецкасць, на яго думку, не з'яўляецца сінонімам секулярнасці. Свецкасць – гэта вымярэнне Касцёла, закліканага служыць і сведчыць пра Валадарства Божае ў гэтым свеце. Яно, відавочна, не з'яўляецца адзіным вымярэннем, а дапаўняе эсхаталагічнае вымярэнне. “Касцёл і кожны ахрышчаны чалавек знаходзяцца ў гэтым свеце, для гэтага свету, але не з гэтага свету”, - сцвердзіў Папа.
Такім чынам, калі свецкасць – гэта вымярэнне Касцёла, то і свецкія вернікі, і духавенства закліканы жыць у ім, хоць і па-рознаму. На думку Францішка, святары-місіянеры пражываюць гэта вымярэнне на мясцовым узроўні, у полі, цалкам уцягнутыя ў пакорлівае служэнне бедным і адрынутымі.
Папа спаслаўся на словы іх малітвы да Святога Сэрца Езуса, дзе гаворыцца: "Зрабі так, каб мы былі салідарнымі сябрамі народа, апосталамі добразычлівасці і праўды, каб Евангелле стала сэрцам свету". На яго думку, выдатны выраз "апосталы добразычлівасці і праўды" азначае, што святары-місіянеры з'яўляюцца перш за ўсё апосталамі чалавечнасці, апосталамі такіх цнотаў, як шчырасць, павага да справядлівасці, вернасць дадзенаму слову, дабрыня, разважлівасць, цвёрдасць духу, удумлівасць і сумленнасць.
Францішак пажадаў гасцям, каб вернасць пакліканню зберагла іх ад дзвюх шырока распаўсюджаных сёння тэндэнцый: засяроджанасці на сабе і жыцця крытэрыямі гэтага свету. “Ніхто з нас не застрахаваны ад іх. Вы павінны ўсвядоміць гэта і рэагаваць на іх з дапамогай ласкі Божай. Няхай Маці Божая і святы Францішак Асізскі дапамагаюць і суправаджаюць вас з нябёсаў. Я благаслаўляю ўсіх вас ад усяго сэрца. І прашу вас, калі ласка, маліцеся за мяне”, - завяршыў сваю прамову Святы Айцец.