Францішак змяніў правілы надзвычайных расходаў Рымскай курыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Новыя дакументы, абнародаваныя 16 студзеня 2024 года, дазволяць лепш кіраваць расходамі ватыканскіх дыкастэрый і павысіць празрыстасць падрадаў.
У першым апостальскім лісце ў форме motu proprio Францішак удакладняе "абмежаванні і парадак" кіравання адміністрацыйнай дзейнасцю Святога Пасада. У адпаведнасці Апостальскай канстытуцыяй Praedicate Evangelium, дакумент абавязвае ватыканскія структуры і органы звяртацца па дазвол прэфекта Сакратарыята па эканамічных пытаннях у тых выпадках, калі расходы перавышаюць 2% ад агульных расходаў установы, якія выводзяцца з сярэдняга бюджэту за апошнія тры гады. Адабрэнне Сакратарыята па эканамічных пытаннях не патрабуецца ў выпадку расходаў, якія складаюць менш за 150 тысяч еўра.
Дакумент устанаўлівае 30-дзённы тэрмін для атрымання дазволу, пасля чаго адсутнасць адказу будзе аўтаматычна лічыцца адабрэннем. У любым выпадку працэдура "павінна быць завершана ў тэрмін не пазней сарака дзён", - гаворыцца ў апостальскім лісце.
У другім лісце ў форме motu proprio Папа ўдакладніў заканадаўства, якое рэгулюе ватыканскі кодэкс аб кантрактах і падрадах, абнародаваны ў 2020 годзе. Францішак падкрэсліў, што новаўвядзенні маюць на мэце далейшае “прасоўванне празрыстасці, кантролю і канкурэнцыі ў працэдурах заключэння дзяржаўных кантрактаў”, для “больш эфектыўнага прымянення” правілаў, якія, дзякуючы апошнім папраўкам, улічваюць назіранні ўстаноў, звязаных са Святым Пасадам, Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан, а таксама досвед, назапашаны ў апошнія гады.
Адзначаецца, што актуальнае заканадаўства, у адпаведнасці з прынцыпамі сацыяльнага вучэння Касцёла, кананічнымі нормамі Апостальскай Сталіцы, нормамі Дзяржавы Ватыкан і энцыклікай Laudato si’, пераследуе наступныя мэты: устойлівае выкарыстанне ўнутраных рэсурсаў, празрыстасць працэдур закупак, роўнае стаўленне і недыскрымінацыя ўдзельнікаў тэндэраў, спрыянне эфектыўнай канкурэнцыі паміж удзельнікамі тэндэраў, у прыватнасці праз меры, накіраваныя на змаганне з незаконнымі пагадненнямі ў сферы канкурэнцыі і карупцыяй.