Пошук

Пантыфік: хрост ачышчае сэрца ад граху і робіць дзецьмі Божымі

Хрост – гэта дар новага жыцця, які дазваляе стаць Божымі дзецьмі, любімымі назаўсёды, - адзначыў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якую правёў 7 студзеня 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак на свята Хросту Пана, у якім апавядаецца, як Езус прыйшоў да ракі Ярдан, дзе Ян, званы “Хрысціцелем” здзяйсняў “абрад ачышчэння, які выражае імкненне пакінуць грэх і навярнуцца”. Людзі прыходзілі хрысціцца з пакорай, шчырасцю і чыстай душой, а разам з імі прыйшоў і Езус, распачынаючы сваё служэнне: “Ён паказвае такім чынам, што хоча знаходзіцца побач з грэшнікамі, што прыйшоў дзеля іх, дзеля нас, дзеля ўсіх нас!”, - сцвердзіў Папа.

Ян Хрысціцель публічна назваў Езуса “Мацнейшым” за яго, дадаючы, што Ён “будзе хрысціць Святым Духам”. Калі хрост Яна быў “сімвалічны жэстам”, то хрост, устаноўлены Хрыстом, робіць нас Божымі дзецьмі, - адзначыў Святы Айцец.

“Вось, што адбываецца падчас хросту: Бог прыходзіць у нас, ачышчае і аздараўляе наша сэрца ад граху, робіць нас назаўжды Яго дзецьмі, Яго народам і сям’ёй, спадкаемцамі Раю. Бог становіцца блізкім да нас і не адыходзіць ніколі”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак заклікаў вернікаў згадаць пра дату свайго хросту, памятаць пра яе і святкаваць яе. Ён заахвоціў таксама дзякаваць Пану за тое, што з моманту нашага хросту, Ён не толькі знаходзіцца з намі, але і ў нас. “Падзякуем Яму таксама за бацькоў, якія прынеслі нас на хрысцільнай крыніцы, за тых, хто ўдзяляў сакрамэнт, за хросных бацьку і маці, за супольнасць, у якой яго прынялі”, - заклікаў Папа.

“І спытаемся: ці ўсведамляю, які велізарны дар нашу ў сабе, дзякуючы хросту? Ці прызнаю ў маім жыцці святло прысутнасці Бога, які бачыць мяне як свайго ўмілаванага сына, як сваю ўмілаваную дачку?”, - прапанаваў Святы Айцец, заклікаючы вернікаў зрабіць таксама знак крыжа на ўспамін аб сваім хросце.
 

07 студзеня 2024, 12:07

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >