Пошук

Папа: абвяшчаць Евангелле – гэта дапамагаць іншым быць шчаслівымі

Езус кліча нас абвяшчаць Евангелле, бо хоча, каб мы былі шчаслівымі, - падкрэсліў Пантыфік перад малітвай Анёл Панскі, якую правёў 21 студзеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа пракаментаваў евангельскае апавяданне пра пакліканне Езусам апосталаў. Ён нагадаў, што гэта быў адзін з самых першых учынкаў у публічнай дзейнасці Хрыста, які паказвае, што Богу “падабаецца ўключаць нас у сваю справу збаўлення”: Ён хоча, каб мы былі актыўнымі разам з Ім, адказнымі і чыннымі.

Бог кліча нас, нягледзячы на тое, што прыйдзецца браць на сябе цяжар нашых абмежаванняў, - зазначыў Папа, нагадваючы пра вялікую цярплівасць Езуса да Яго вучняў, якія часта не разумелі Яго слоў, часам не былі згодныя з Ім, доўга не пагаджаліся прыняць самыя важныя аспекты Яго прапаведвання, такія як служэнне. “І тым не менш Езус выбраў іх і працягваў верыць у іх”, - сказаў Пантыфік.

“Сапраўды, нясенне Божага збаўленне ўсім было самым вялікім шчасцем для Езуса – Яго місіяй, сэнсам Яго жыцця, Яго ежай. І ў кожным слове і дзеянні, праз якія яднаемся з Ім, у цудоўнай прыгодзе дарэння любові, святло і радасць памнажаюцца: не толькі вакол нас, але таксама ўнутры нас”, - сцвердзіў Папа.

“Такім чынам, абвяшчэнне Евангелля – не страчаны час: гэта значыць станавіцца больш шчаслівымі, дапамагаючы станавіцца шчаслівымі іншым; вызваляцца ад саміх сябе, дапамагаючы станавіцца свабоднымі іншым; быць лепшымі, дапамагаючы станавіцца лепшымі іншым!”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вернікаў спытацца ў сябе: ці задумваюся я час ад часу пра тое, ці ўзрасла радасць у ва мне і вакол мяне калі я прыняў пакліканне пазнаваць і сведчыць Езуса? А калі малюся: ці дзякую Пану за пакліканне рабіць шчаслівымі іншых? І нарэшце: ці жадаю дапамагчы каму-небудзь адчуць праз маё сведчанне і маю радасць наколькі цудоўна любіць Езуса? “Няхай Панна Марыя дапаможа нам адчуць смак радасці Евангелля”, - завяршыў сваё нядзельнае разважанне Пантыфік.
 

21 студзеня 2024, 12:20

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >